Традыцыйныя і новыя строі Карэліччыны
Летась майстры Карэліцкага дома рамёстваў па матывах адзення нашых продкаў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя стварылі мужчынскі і жаночы строі.
Паўгода ўдумлівага вывучэння літаратуры і руплівай працы спатрэбілася, каб матэрыяльная гісторыя нашай зямлі ажыла ў адноўленых строях. За аснову майстры ўзялі варыянты адзення з экспазіцыі Карэліцкага краязнаўчага музея, але адлюстравалі і сваё бачанне строяў.Чытаць далей…
Так, мужчынская і жаночая кашулі па арнаменце і сілуэце аналагічныя музейным, нагавіцы і спадніца таксама выкананыя ў падобным стылі, але з іншай тканіны – пераважна з ільняной. Мужчынскія аксесуары – пояс ручной працы са спалучэннем рознакаляровых нітак і саламяны капялюш – таксама шмат у чым паўтараюць экспанаты музея.
Для жаночага строю майстры Дома рамёстваў узнавілі апаяску. Цікавым атрымаўся фартух. Музейны варыянт – гэта гарманічнае спалучэнне ручной вышыўкі і фабрычных карункаў, расліннага і геаметрычнага арнаменту. На новаствораным жа фартуху змешчаныя элементы беларускага арнаменту: сімвалы зерня, малой радзімы, продкаў (памяці, роду), чалавека (народа, краіны), моцнай сям’і, дзіцяці і абярэга.
У Год малой радзімы адноўлены строй – гэта выдатны падарунак майстроў сваім землякам, які сапраўды цешыць беларускую душу.
Юлія БАЯРЭНКА, загадчык аддзела рамесніцкай дзейнасці Карэліцкага дома рамёстваў