Да 155-годдзя баёў непадалёк Хатынічаў і Борак
Тэрыторыя сучаснага Ганцавіцкага раёна аказалася ўдалечыні ад баявых дзеянняў. Тым не менш языкі паўстанчага полымя дацягнуліся і да яе. Больш за тое, звесткі пра гэтую старонку інсурэкцыі (узброенага паўстання. – «КГ») даволі супярэчлівыя.
Само паўстанне прыйшло на землі Беларусі ў лютым: 1-га чысла апошняга зімовага месяца 1863 г. Літоўскі правінцыйны камітэт выдаў да суайчыннікаў маніфест аб паўстанні. Адразу з цяперашняй тэрыторыі Польшчы ў Беларусь пачынаюць пранікаць першыя паўстанцкія атрады. Неўзабаве з’явіліся яны і на тэрыторыі, што сёння ўваходзіць у Ганцавіцкі раён, а тады была Хатыніцкай і Круговіцкай воласцямі.
Гэта былі паўстанцы на чале з Раманам Рагінскім (нар. 29 лютага 1840 г. у Ловічы, Польшча – пам. 15 лютага 1915 г. у Сеняве, Украіна) – адным з самых выбітных (паводле словаў не толькі таварышаў, але і ворагаў, а таксама гісторыкаў) паўстанцкіх камандзіраў. 7 лютага яго атрад быў нагалаву разбіты: яму нанеслі жорсткі ўдар пад Сямятычамі (цяпер тэрыторыя Польшчы, побач з сённяшняй беларускай мяжой). Ад тысячнага атрада засталося не болей за паўтары сотні. Напэўна, інсургенты (паўстанец, удзельнік паўстання. – «КГ») былі вымушаныя імкліва манеўраваць, бо неўзабаве атрад Рагінскага ўжо з 85 байцамі, паспяхова здзейсніўшы авантуру ў Пружанах, падышоў да Пінска. Горад браць не рашыліся, два дні стаялі непадалёку. Чакалі падтрымкі, якая ўсё ж не была аказаная. Тады рушылі на паўночны ўсход ад Пінска.Чытаць далей…
У задачу атрада ўваходзіла і прыцягненне палескіх сялянаў да ўзброенай барацьбы: перад гэтым удалося нечаканым нападам на Пружаны захапіць прыкладна 200 карабінаў. Тым больш што Палессе было ідэальным асяродкам для партызанкі. 9 лютага паўстанцы наладзілі засаду поштоваму вазку, забіўшы супрацоўніка і, зразумела, абрабаваўшы. А 14 лютага паўстанцкія атрады нібыта разбілі царскія войскі генерала Івана Носціца пад Хатынічамі. У сваім пісьме шэфу жандараў Мінскай губерні генерал-ад’ютанту князю Далгарукаму 18 лютага 1863 г. паведамляе палкоўнік Рэйхарт: «Генерал-Маёр граф Носціц апавяшчае Губернатара з Пінска, што 14 чысла яго атрад акружыў шайку мяцежнікаў каля Хатынічаў (па Вялікай дарозе (маецца на ўвазе паштовы тракт з Пінска ў Мінск. – А.Т.) за 70 вёрстаў ад горада Пінска) і што ў той жа дзень там была ўпартая сутычка, але вынік яшчэ невядомы». Выказванне наконт няяснага выніку можа наводзіць на думкі, што ён быў непажаданы для расійскага войска. Як гаворыцца ў кнізе «Памяць» па Ганцавіцкім раёне, «сотні хатынаўцаў аказалі паўстанцам узброеную падтрымку». Прычым ёсць звесткі, што тутэйшы люд насуперак патрабаванням уладаў па-хрысціянску пахаваў паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, якія загінулі ў бітве з расійскімі карнікамі. Але, як пабачым трохі ніжэй, не ўсё так проста.
(…) Атрад Р. Рагінскага нібыта перадыслакаваўся на хутар Боркі. Побач з ім 26 лютага 1863 г. адбыўся яшчэ адзін з баёў. Там інсургенты сутыкнуліся з атрадам царскіх карнікаў пад камандаваннем Альбертава, які складаўся з трох ротаў пяхоты і сотні казакоў (паводле польскіх крыніцаў, сілы апошніх мелі сямікратную перавагу). Прычым стомленыя пасля шматлікіх імклівых пераходаў паўстанцы адпачывалі, калі сярод месяцовай ночы адбыўся напад. Гэта ў многім прадвызначыла зыход сутычкі.
Застаныя знянацку, «инсургенты баррикадировались и начали отстрѣливаться, но дружное “ура” и штыки заставили ихъ бѣжать, оставивъ раненыхъ, убитыхъ, весь обозъ и лошадей…». Крыніцы з іншага боку гавораць пра лепшую арганізаванасць паўстанцаў. Першая рота непрыяцеля трапнымі стрэламі паўстанцаў была добра прарэджаная, але гінулі і яны. Не маючы магчымасці паспяхова абараняцца, Р. Рагінскі, сфармаваўшы аддзел у клін, пачаў адыход.
Паводле сведчання ў выніку допыту аднаго з жаўнераў Рагінскага Вацлава Осіпава-Серакоўскага, з сутычкі камандзір выйшаў з пашкоджаннем (магчыма, параненым): «…Вступили въ Пинскій уѣздъ, гдѣ случилась стычка съ войскомъ, во время которой онъ заболѣлъ и принужденъ былъ бросить оружіе и удалиться искать себѣ какого-нибудь спокойного мѣста, что сдѣлало еще нѣсколько его товарищей и они разошлись въ разныя стороны по одиночкѣ». (Заўважым, у паведамленні няма гаворкі пра два баі!)
Далей рэшткі групы Р. Рагінскага (у колькасці 13 чалавек) кінуліся ва ўсходнім напрамку – пайшлі праз вёску Ганцавічы (аднайменнага мястэчка яшчэ не было) ці праз Любашава, а таксама – Агарэвічы, Шашкі і Вялікія Круговічы. (…) 3 сакавіка Р. Рагінскі быў мясцовымі сялянамі схоплены і здадзены маскалям (так часта называлі не толькі расійцаў наогул, але і салдатаў расійскай арміі). Смяротны прысуд камандзіру паўстанцкага атрада па просьбе аднаго з ворагаў – генерала Носціца, які высока ацаніў кемлівасць і смеласць свайго маладога візаві, – быў заменены 20 гадамі катаргі.
У адным крыніцы сыходзяцца – наконт паспяховай і жорсткай пагоні за мяцежнікамі. Іх царскія войскі даганялі і знішчалі. Вясковыя старажылы распавядалі, што аднаго з паўстанцаў, удзельніка бою пад Боркамі, казакі пераследавалі ажно да Дзяніскавічаў. Ва ўрочышчы Конік яго злавілі і забілі. Лік палонных, паводле расійскай крыніцы, ішоў на дзясяткі. У выніку было схоплена (разам з Р. Рагінскім, якога злавілі апошнім) больш за 50 чалавек.
Больш за тое, некаторыя з сялянаў, спакушаныя ўзнагародай у некалькі рублёў, выдавалі паўстанцаў прадстаўнікам царскай улады. Але быў і адваротны бок расійскай агітацыі сялянаў супраць паўстанцаў. Сялянскія масы адчулі слабіну з боку ўлады. Памешчыкі, хоць сабе і нейтральныя ў стаўленні да падзеяў і матэрыяльна багатыя, як, прыкладам, Радзівілы, страцілі над нядаўнімі сваімі прыгоннымі кантроль. А сілавыя праваахоўныя органы сканцэнтравалі сваю ўвагу на барацьбе супраць інсурэкцыі. Таму з боку сялянаў імкліва распаўсюдзілася свавольства, якое мела вынікі ў выглядзе адмоваў ад выканання павіннасцяў, адмовы ад выплаты чыншу, самавольнага высякання лесу, збіцця стражнікаў і іншых злоўжыванняў. Асабліва шырока такія настроі і дзеянні распаўсюдзіліся па Слуцкім павеце. Так, урон Л.Л. Радзівіла, дзяніскавіцкія ўладанні якога межавалі з Круговічамі, з прычыны крадзяжу лесу (высечана было 10 дзесяцінаў і 150 штук таварнага дубу) і сена (забрана 3500 вазоў) ацэньваліся да 10 000 рублёў. Што праўда, у адказ улада заявіла пра перабольшванне стратаў і небяспекі сялянскіх настрояў.
(…) Удакладненне падзеяў паўстання яшчэ чакае свайго даследчыка. Але супаставіўшы прыведзеныя матэрыялы крыніцаў і гістарыяграфіі дазваляюць выказаць меркаванне, што бой непадалёк Хатынічаў і бой блізу Борак – гэта адна і тая ж падзея (адлегласць паміж вёскамі складае блізу 15 км і арыенціроўка на вёскі магла адбыцца з-за таго, што расійскія карнікі (прынамсі іх частка) ішлі непадалёк Борак – з паўночнага ўсходу, з боку Слуцка ці Клецка, а паўстанцы – каля Хатынічаў – з Пінска, што знаходзіўся на поўдзень). Да таго ж Боркі тым часам былі хутарскім пасяленнем, таму на яго маглі не арыентавацца ў адрозненне ад валаснога цэнтра Хатынічы. Несупадзенне ў датаванні магло ўзнікнуць з-за карыстання бакамі календароў: юліянскім паслугаваўся расійскі бок, грыгарыянскім – інсургенцкі. У ХІХ ст. паміж гэтымі календарамі розніца была ў 12 дзён са спазненнем юліянскага. Больш турбуе супрацьлегласць у ацэнках зыходу сутычкі і стаўленне да ваюючых бакоў мясцовых сялянаў. Аднак і такое ў гісторыі сустракаецца пастаянна: калі выдаецца жадаемае за сапраўднае ці пры патрэбе пэўнай інтэрпрэтацыі падзеі (напрыклад, у вачах начальства або дзеля банальнай прапаганды).
Цікава, што менавіта ў сувязі з боем непадалёк Борак Р. Рагінскі робіць наступную выснову: «Усё гэта ўжо мінула і паўтарыцца, дай Божа, не павінна. Край іншай дарогай мусіць здабыць самастойнасць».
Яшчэ адным пытаннем для сучаснікаў застаецца ўстанаўленне месцаў пахаванняў байцоў з абодвух бакоў. Многія з іх (асабліва з шэрагаў расійскай арміі) загінулі як наёмнікі ці ваеннаабавязаныя, нічога не разумеючы ў сутнасці падзеяў. З ліку паўстанцаў большасць змагалася за радзіму, за волю. Ахвяраў было шмат. Як паўстанцаў, так і расійскіх салдатаў. Некаторыя крыніцы кажуць, што, акрамя паўсотні ўцеклых, астатнія засталіся на месцы бою. А гэта прыкладна 100 чалавек. Дзе іхнія магілы?
Анатоль ТРАФІМЧЫК
(Цалкам артыкул чытайце ў № % “Краязнаўчай газеты”)