Гісторыя Агратурызм Зборніку "Вянок" 105 гадоў

Зборніку “Вянок” 105 гадоў

-

- Рэклама -

«Кніга са шчаслівым лёсам…»

 Год таму, у межах святкавання 105-годдзя з дня выхаду адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок», мы распачалі шэраг публікацыяў, прысвечаных кнізе, – дакладней, арыгінальным зборнікам, якія перажылі су­светныя войны і рэвалюцыі, змены палітычных ладаў і культурнай палітыкі. Першыя гісторыі былі прысвечаныя каштоўным экзэмплярам, што захоўваюцца ў фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску. Адну з кніг можна ўбачыць у асноўнай экспазіцыі, акрамя таго, ёсць магчымасць перагарнуць старонкі электроннага «Вянка», а іншыя папяровыя «сапраўдныя» кнігі прэзентуюцца ў часовых экспазіцыях ці пад час музейных мера­прыемстваў.

Сёння прапануем пазнаёміцца з арыгінальнымі кнігамі М. Багдановіча, якія знахо­дзяцца ў іншых навуковых і культурных установах Беларусі і замежжа. Пачнем аповед з нашай галоўнай кніжнай скарбніцы – Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, бо менавіта тут захоўваецца «Вянок» з аўтографам самога паэта. У папярэдніх матэрыялах узгадвала­ся, якую ролю ў вяртанні спадчыны Багдановіча адыграла Ніна Ватацы, галоўны бібліёграф Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна. Можна сказаць, што палова калекцыі «Вянкоў» у нашым музеі з’явілася дзякуючы яе руплівасці. Два асобнікі Ніна Барысаўна перадала асабіста, атрымаўшы іх ад прад­стаўнікоў роду Багдановічаў, яшчэ адну кнігу падарыў музею Аркадзь Бараховіч, муж стрыечнай пляменніцы паэта. Ён сябраваў і плённа супрацоўнічаў з Н. Ватацы ў справе збору і захавання спадчыны Багдановіча, пазнаёміўся з супрацоўнікамі музея і пазней падтрымліваў цёплыя стасункі ўжо з імі. Таму не выклікае здзіўлення факт перадачы ім арыгінальнай кнігі ў музейны фонд, як і ўдзел у гэтай важнай падзеі Ніны Барысаўны.Чытаць далей…

Цесныя стасункі з нашчадкамі сям’і Багдановічаў, знаёмых і сяброў пісьменніка дазволілі даследчыцы вярнуць у Беларусь шмат каштоўных матэрыялаў. «Вянок» М. Багдановіча, які сёння захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і экс­пануецца ў Музеі кнігі, у свой час таксама здабыла яна. Н. Ватацы вяла актыўную працу па по­шуку артэфактаў, звязаных з паэтам, пісала лісты ў розныя ўстановы і прыватным асобам, якія яго ведалі. Але гэтым разам усё было наадварот – рэчы і людзі самі знайшлі яе.

У 1971 годзе жыхар Ленінграда Мікалай Лілееў звярнуўся ў Міністэрства культуры БССР. У лісце ён паведамляў, што ў хатняй бібліятэцы яго сям’і захоўваецца кніга на беларускай мове – «Вянок» Максіма Багдановіча, выда­дзеная ў Вільні ў 1913 годзе. Уладальнік кнігі меркаваў, што, паколькі кніга дарэвалюцыйная і да таго ж з аўтографам аўтара, то, верагодна, можа мець пэўную каштоўнасць для беларусаў. Ліст знайшоў правільнага адрасата: з міністэрства яго перадалі ў галоўную бібліятэку рэс­пуб­лікі, менавіта Ніне Барысаўне прыйшлося вырашаць лёс «Вянка» – застацца кнізе ў Ленінгра­дзе і, магчыма, знікнуць, альбо пера­ехаць у горад, дзе нарадзіўся паэт.

Завязалася цеснае ліставанне з уладальнікам кнігі. Дзякуючы гэтаму Беларусь атрымала не толькі паэтычны зборнік, але і арыгінальную фатаграфію М. Багдановіча, таксама з аўтографам. З дапамогай каштоўных дароў з берагоў Нявы даследчыца змагла разгадаць некаторыя таямніцы біяграфіі Максіма Адамавіча. Напрыклад, раскрыла сакрэт, хто хаваўся за літарамі «А. Р. К» у пры­свячэнні, якое меркаваў паставіць паэт у «Вянку» перад цыклам «Мадонны», і хто з’яўляўся прататыпам галоўнай гераіні паэмы «Вераніка» – Ганна (Анна) Рафаілаўна Какуева.

У аўтографе на ленінградскім «Вянку» таямніцаў не было, дароўны надпіс просты і лаканічны: «Николаю Рафаиловичу Кокуеву от автора. М. Богданович. Яросл. 1914 г.». Мікалай Какуеў – адзін з лепшых сяброў паэта і аднакласнік па Яраслаўскай мужчынскай гімназіі. У Дзяржаўным архіве Яраслаўскай вобласці захоўваюцца копіі атэстатаў выпускнікоў 1911 года. З атэстата сталасці М. Какуева вядома, што ён – сын стацкага саветніка, права­слаўнага веравызнання, нара­дзіўся 21 жніўня 1893 года ў г. Везенберг Эстляндскай губерні. Паступіў у Яраслаўскую мужчынскую гімназію ў лютым 1903 года, скончыў яе, як і Максім, 1 чэрвеня 1911 года.

Пра стасункі Максіма з Мікалаем і іншымі прадстаўнікамі сям’і Какуевых вядома з успамінаў яшчэ аднаго яраслаўскага гімназіста – Дзіядора Дзябольскага. Па-першае, ён па­цвер­дзіў здагадку Ніны Барысаўны, што паэма М. Багдановіча звязаная з навед­ваннем сям’і Какуевых: «У радках пра “гарадкі” ў вершаваным апавяданні “Вераніка” я адразу ж пазнаў яго расказы аб гарадках у веснавыя светлыя вечары на двары Какуевых». Па-другое, Дзіядор падкрэсліў, што сяброўства з Мікалаем, яго братам і сёстрамі для Максіма было, «лепшым часам яго не вельмі радаснага юнацтва».

Па завяршэнні гімназіі шляхі былых аднакласнікаў, на жаль, разышліся, хаця вядома, што яны абодва збіраліся паступаць у Санкт-Пецярбург­скі Імператарскі ўніверсітэт. Але М. Багдановіч застаўся ў Яраслаўлі, вучыўся ў Дзямідаўскім юрыдычным ліцэі. М. Какуеў стаў студэнтам згаданага ўніверсітэта, у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Санкт-Пецярбурга захоўваецца яго асабістая справа. Праўда, датуецца яна толькі 1911 годам, у аўта­бія­графіі Мікалая Рафаілавіча, якая зусім нядаўна паступіла ў фонды музея, указваецца, што ён скончыў Політэхнічны ўніверсітэт у Ленін­гра­дзе толькі ў 1926 годзе.

На сёння невядома, ці падтрымлівалі стасункі пасля заканчэння гімназіі Максім і Мікалай. Як паказвае дароўны надпіс на кнізе, адна сустрэча дакладна была – у 1914 годзе ў Яраслаўлі, калі Коля атрымаў з рук сябра невялікі томік вершаў на беларускай мове. Гэты зборнік ён па невядомай прычыне аддаў на захаванне роднай сястры – Ганне Рафаілаўне, той самай «А. Р. К.» і маці М. Лілеева. У перапісцы з Н. Ватацы ён падкрэсліў, што пры ім маці ніводнага разу не ўзгадала імя М. Багдановіча. Калі ўзнікла пытанне пра кнігу з аўтографам, адказала толькі, што «яе напісаў вядомы беларускі паэт, які вучыўся разам з братам і Ванем». «Брат» – ужо вядомы нам Мікалай, а «Ваня» – Іван Мікалаевіч Лілееў, муж Ганны, сябра, аднакласнік яе брата і М. Багдановіча. Яшчэ Мікалай Іванавіч заўважыў, што маці вельмі хутка спыніла размову, быццам тэма для яе была балючай.

У 2003 годзе М. Лілееў прыяз­джаў у Мінск, у Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Ён прымаў удзел у Між­народнай навукова-практычнай канферэнцыі «Я не самотны, я кнігу маю…», прысвечанай 90-годдзю «Вянка» М. Багдановіча, з паведамленнем «Неувядаемый венок». У прывітальным слове Мікалай Іванавіч пад­крэсліў, што «ў кнігі, як і ў чалавека, складваецца свой, часам складаны, цікавы лёс», але, на яго думку, «Вянок» нарадзіўся пад шчаслівай зоркай…

 Ірына МЫШКАВЕЦ, вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам