9 снежня ў Мінску ў канферэнц-зале Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пройдзе Другі з’езд экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Беларусі. Ініцыятыва правядзення з’езда належыць Беларускаму грамадскаму аб’яднанню экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.Чытаць далей…
У з’ездзе прымуць удзел экскурсаводы і гіды-перакладчыкі беларускай сталіцы, буйных турыстычных цэнтраў і рэгіёнаў Беларусі, прафесіяналы і ветэраны беларускага турызму, якія стаялі ў ХХ стагоддзі каля вытокаў экскурсійнай справы ў Беларусі, дырэктары і вядучыя спецыялісты турыстычных прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца на ўнутраным і ўязным турызме, краязнаўцы, журналісты, навукоўцы і выкладчыкі беларускіх ВНУ, дзе атрымліваюць адукацыю будучыя спецыялісты беларускага турбізнесу, замежныя госці – прадстаўнікі экскурсійнага турызму, а таксама прадстаўнікі Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі, Нацыянальнага агенцтва па турызме і сумежных міністэрстваў і ведамстваў.
З дакладам «Экскурсійна-спазнавальны турызм І экскурсаводы, гіды-перакладчыкі Беларусі ва ўмовах рынку. Праблемы ўзаемадзеяння дзяржаўных, грамадскіх і камерцыйных структураў па развіцці экскурсійнага бізнесу. Сацыяльны статус (грамадскае становішча) і ахова працы экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў» на з’ездзе выступіць старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Мікола Чырскі.
Сярод актуальных пытанняў, што будуць закранутыя:
* роля і месца экскурсійна-спазнавальнага турызму ў Беларусі;
* нарматыўна-прававое рэгуляванне экскурсійнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь;
* эфектыўнасць выкарыстання турыстычных рэсурсаў краіны;
* адлюстраванне ў экскурсіях падзеяў беларускай гісторыі;
* прэстыж і спецыфіка прафесіі экскурсавода і гіда-перакладчыка;
* традыцыі і інавацыі ў экскурсійным турызме;
* праблема захавання лепшых дасягненняў беларускай экскурсійнай школы;
* падрыхтоўка, павышэнне квалiфiкацыi i атэстацыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў і інш.
Удзельнікі з’езда прымуць рашэнне па далейшым развіцці экскурсійнай справы ў краіне. Па завяршэнні працы дэлегаты і госці з’езда пабываюць на экскурсіі ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Дадатковыя звесткі, праграма і рэгістрацыя на сайце tio.by.
Паводле інфармацыі арганізатараў