Спадчына філаматаў
29 верасня ў Дзяржаўным музей гісторыі беларускай літаратуры адкрылася літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Філаматы. Ідэі праз стагоддзі», прысвечаная 200-годдзю з дня заснавання студэнцкага згуртавання філаматаў. Праект падрыхтаваны сумесна з Музеем літаратуры імя Адама Міцкевіча (Варшава) і Польскім Інстытутам у Мінску. У той жа дзень прайшоў круглы стол «Філаматы і філарэты. Творчая і грамадская дзейнасць таварыства. Перспектывы святкавання 220-годдзя Адама Міцкевіча». Пад час яго прысутныя ўнеслі прапанову аб стварэнні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы да 220-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча. А старшыня ГА «Беларускі фонд культуры» Уладзімір Гілеп прэзентаваў праектную прапанову па рэстаўрацыі яшчэ аднаго мемарыяльнага месца – парку «Туганавічы» ў Баранавіцкім раёне.Чытаць далей…
Увосень 1817 г. з ініцыятывы студэнтаў Віленскага ўніверсітэта Тамаша Зана, А. Міцкевіча, Язэпа Яжоўскага, Анупрэя Петрашкевіча і Францішка Малеўскага было заснавана таемнае патрыятычнае таварыства філаматаў (ад грэч. philomathes – аматар ведаў). У 1820 г. утварылася роднаснае таварыства філарэтаў – прыхільнікаў дабрачыннасці, кіраўнікамі якога былі філаматы.
Дзейнасць таварыстваў філаматаў і філарэтаў пакінула значны след у нашай культуры. Першапачаткова арганізатары і кіраўнікі таварыства ставілі толькі культурна-асветніцкія задачы: збіралі песні, паданні, легенды, апісвалі абрады і звычаі беларусаў. Паступова іх дзейнасць набыла сацыяльна-палітычны накірунак.
Многія з філаматаў і філарэтаў пазней здабылі славу ў розных галінах дзейнасці. А. Міцкевіч, Т. Зан, Ян Чачот сталі вядомымі паэтамі. Ігнат Дамейка ў эміграцыі стаў вядомым вучоным-геолагам, нацыянальным героем Чылі. Іх дзейнасць ярка асвяціла і асвятляе дарогу новым пакаленням.
У экспазіцыі можна ўбачыць вобраз тагачаснага студэнта Віленскага ўніверсітэта, мінерал, названы ў гонар геолага і мінеролага – аднаго з герояў экспазіцыі, а таксама творы і кнігі паэтаў-філаматаў і карціну Валенція Ваньковіча – партрэт Тамаша Зана, які захоўваецца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка.
Пад час адкрыцця экспазіцыі была працягнутая традыцыя філаматаў і філарэтаў піць малако – сімвал чысціні і праўды.
На наступны дзень удзельнікі круглага стала здзейснілі вандроўку па мемарыяльных мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю філаматаў і філарэтаў, у Навагрудскі і Баранавіцкі раёны.
Паводле інфармацыі арганізатараў