Мой дзед Грыша, або
Лётчык-ас Другой сусветнай вайны з Маладзечаншчыны
Складаючы «Дрэва роду» для сваіх дзяцей і ўнукаў, з сумам заўважаю, што некаторыя «лісты» на гэтай схеме не маюць закончаных запісаў.
Чытаць далей…
Невядома, як склаўся далейшы лёс Яна Язневіча, брата бабулі Ядвігі: звесткі пра маладога салдата абрываюцца самым пачаткам 1940-х гг. Пайшоў на вайну і Лук’ян Капуцкі, брат дзеда Адама; але, кажуць, іх група навабранцаў, яшчэ не аформленая як след, раптоўна трапіла пад бомбы каля Маладзечна. Дакументаў атрымаць сям’і так і не ўдалося. Пасля вайны, у канцы 1940-х, счарнелая ад гора і несправядлівасці, хутка сышла ў нябыт і жонка Лук’яна, былая вясковая прыгажуня, слынная майстрыха і вышывальшчыца Настасся.
Але новыя тэхналогіі прынеслі нядаўна і добрую вестку. Адзін з вядомых пошукавікаў у інтэрнэце прынёс звесткі пра лёс Рыгора Салагуба (Grzegorz Sologub), малодшага брата маёй бабулі Зосі Капуцкай, у дзявоцтве таксама Салагуб.
Рыгор Салагуб, 1918 года нараджэння, які пасля заканчэння Маладзечанскай польскай гуманітарна-адукацыйнай гімназіі імя Тамаша Зана «паехаў некуды далёка вучыцца на лётчыка» (словы бабулі Зосі), не прапаў пасля 1939 г. без вестак, а меў яшчэ доўгае жыццё, годнае і гераічнае. У часы Другой сусветнай вайны, пасля вучобы ў адмысловай лётнай школе ў Дэмбліне (сёння горад у Польшчы), стаў лётчыкам-знішчальнікам, ваяваў супраць фашысцкіх заваёўнікаў, разам з іншымі былымі навучэнцамі Дэмбліна, у складзе Каралеўскага ваенна-паветранага флоту Вялікабрытаніі.
Наш высокі, рослы, таварыскі Рыгор-Grzegorz быў сапраўдным героем Другой сусветнай вайны. Меў шмат баявых вылетаў, знішчыў пяць нямецкіх самалётаў, зваўся лётчыкам-асам. За баявую доблесць не раз быў адзначаны высокімі вайсковымі ўзнагародамі. За некалькі гадоў вайны даслужыў да звання капітана.
Пасля вайны некаторы час працаваў лётным інструктарам. Застаўся жыць у Вялікабрытаніі. Ажаніўся з мясцовай дзяўчынай і пасяліўся на ферме ў графстве Глостэршыр. Меў унукаў. Памёр 26 лістапада 1986 г. Пахаваны ў Сіндэрфорце.
А матуля яго, Марыя Раманаўна Салагуб, мая прабабуля, тут, у Беларусі, ніколі, кажуць, пасля вайны не дазваляла памінаць Рыгора ў царкве як памерлага. Быццам адчувала што мацярынскае сэрца, і яна ўсё чакала сыночка або вестачкі якой пра яго… Дажыла яна амаль да 100 гадоў без некалькіх месяцаў і памерла ў сярэдзіне 1970-х, у сваім доме, дзе жыла з сям’ёй свайго самага малодшага сына Андрэя.
Усё сыходзіцца са звесткамі ў інтэрнэце. І «Маладзечна» (дакладней, вёска Селівонаўка амаль пад ім), і «гуманітарная гімназія», і бацьку звалі Андрэем, і «сем дзяцей» у сям’і было… А адна з дачок – мая бабуля Зося, а другая – згаданая вышэй Настасся. Гэта наш, наш дзед Рыгор, які, на жаль, пасля смерці ўжо, гэтак цудоўна адшукаўся!
Сёння бацька, маці і амаль усе яго браты і сёстры пахаваныя на старых могілках у Маладзечне.
Больш за тое, аб малодшым браце майго дзеда некалькі гадоў таму ў Польшчы выйшла кніга на польскай мове: Sikora, P. Grzegorz Sologub / S.l.: Stratus, 2012. У ёй змешчана каля паўтары сотні фотаздымкаў (у асноўным ваеннага часу), здымак гімназічнага пасведчання юнага Салагуба, вясельны фотаздымак і іншыя. А таксама ёсць некаторыя кранальныя падрабязнасці яго прыватнага жыцця (даваў унукам гуляцца са сваімі вайсковымі ўзнагародамі), апошніх гадоў у старасці нашага суродзіча-героя (любіў пакорпацца ў градах, журыўся, спяваў ціха песенькі на незразумелай мове – думаю, на беларускай і польскай… і напрыканцы жыцця спаліў свой лётны мундзір).
Хто гэты аўтар Пётр Сікора? Кім прыходзіцца нашаму герою, што ў яго руках апынуліся такія дакументы і факты жыцця? Можа, гэта ўнук – сын дачкі, напрыклад, якая выйшла замуж за паляка Сікору? ці пляменнік? Там, у Вялікабрытаніі, палякаў і беларусаў-лётчыкаў пасля вайны засталося шмат (паводле кнігі Н. Гардзіенка «Беларусы ў Вялікабрытаніі», Мінск, 2010).
Добра было б сёння даследаваць новыя архіўныя дакументы ці тыя, што з’явіліся ў электронным доступе. Перад пачаткам баявых дзеянняў, як сведчыць аўтар артыкула ў інтэрнэт-энцыклапедыі, усе далучаныя польскія лётчыкі (а там былі, пэўна, і выхадцы з беларускіх земляў) прынеслі вайсковую прысягу на вернасць каралю Георгу VI. Некаторыя, не згодныя з гэтым, як наш Рыгор, не з першага разу…
Шмат цікавай інфармацыі пра палякаў і беларусаў як лётчыкаў-герояў з рознымі пасляваеннымі лёсамі я знайшла на старонках юбілейнага выдання «Киенко, Д., Сливкин, В. “Аэродром Лида – сто лет полётов”» (Смоленск, 2013) і ў іншых крыніцах. Напрыклад, гэта Стэфан Вітажэнец (1908, Ліда – 1994, Варшава), паляк-лётчык з Ліды, які таксама, як і Рыгор Салагуб, вучыўся ў Дэмбліне, але на 5 гадоў раней, удзельнік паветранай Бітвы за Брытанію, пасля вайны стаў героем Польшчы. Яшчэ – Казімір Рудкоўскі (1914 – 1995), выпускнік той жа лётнай школы, у час вайны служыў у 306-м Таруньскім знішчальным дывізіёне ў складзе брытанскіх вайскова-паветраных сілаў, як і Салагуб. І Хенрык Фларыян Віршыла (1901 – 1992), той жа дывізіён, пасля вайны лётчык застаўся жыць у Вялікабрытаніі. І многія іншыя… Слава героям – барацьбітам супраць фашысцкай пошасці і нялюдскасці!
Узіраюся ў фотаздымак з Рыгорам-гімназістам, зроблены ў сярэдзіне 1930-х гг., – і ўспамінаю радкі з верша Янкі Купалы «Сыны», напісанага прыкладна ў той жа час. Там шэсць падрослых сыноў, седзячы перад бацькам, выбіралі сабе занятак у будучым жыцці.
Сын чацвёрты: – Хачу лётаць
Птушкаю крылатай,
Мераць неба ў самалёце
Над тваёю хатай.
Арлянём сябе ў сне бачу,
Не знаю спакою…
Хачу быць я, мой ты бацька,
Лётчыкам-героем.
І цяпер думаю: вось такі атрымаўся працяг у рэальным жыцці Купалавага верша «Сыны» на Маладзечаншчыне ў асобна ўзятай сям’і Салагубаў.
А згаданы «лісцік» з «Дрэва роду» я запоўніла новымі звесткамі пра Рыгора Салагуба і спасылкамі на інтэрнэт і электронную версію кнігі Пятра Сікоры. З вялікай радасцю ўперамешку са смуткам.
Людміла СІЛЬНОВА, вядучы бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі