Радавод Світанак маладой Дзяржавы: погляд з 2018-га

Світанак маладой Дзяржавы: погляд з 2018-га

-

- Рэклама -

 Стагоддзі ідэі сучаснай Рэспублікі Беларусь

100 гадоў таму на тэрыторыі Расійскай імперыі, у якую на той час уваходзілі землі Беларусі, віравалі падзеі, што прывялі да вялікіх пераўтварэнняў. Коратка згадайма іх.

Падзенне манархіі спарадзіла рэзкі рост цэнтрабежных сілаў, нацыі вялізнай імперыі выказалі памкненні да нацыянальнага самавызначэння. Часовы ўрад Расіі, што быў сфармаваны пасля адрачэння Мікалая ІІ, дзейнічаў у складаных умовах. Да вясны 1917 г. імперыя страціла Польшчу і частку Прыбалтыкі, фронт праходзіў па тэрыторыі Ліфляндыі. Часовы ўрад імкнуўся забяспечыць роўнасць усіх людзей перад законам; 7 сакавіка (тут і далей – даты 1917 г. паводле старога стылю) быў выдадзены маніфест аб аднаўленні некаторых правоў Фінляндскага сейма, 20 сакавіка з’явілася пастанова «Об отмене вероисповедных и национальных ограничений», дзе абвяшчалася аб роўнасці ўсіх рэлігіяў перад законам, адмяняліся абмежаванні грамадзянаў у правах паводле веравызнання і нацыянальнасці, дакларавалася права пачатковага навучання на роднай мове, мясцовыя мовы (праўда, абмежавана) дапускаліся ў справаводства і суды, інш. Але ж рэальныя крокі паказвалі, што Часовы ўрад будзе дзейнічаць у рамках традацыйнай імперскай палітыкі.

Паралельна фармаваліся і нацыянальныя ўлады. Прыкладам, у першыя месяцы пасля лютаўскай рэвалюцыі на Украіне была створаная Цэнтральная рада, у Малдавіі – Сфатул цэрый ды інш. Тады з’явілася і Беларуская рада. З вясны пачаўся працэс распаду імперыі, ліквідацыі цэнтральнай унітарнай дзяржавы і пераход да федэрацыі.

У першай палове 1917 г. поўнай незалежнасці запатрабавалі толькі Польшча і Фінляндыя, дзе быў развіты нацыянальны паноўны клас. Першая на той час была акупаваная Германіяй, і Часовы ўрад прызнаў яе права на аддзяленне, а вось фінам адмовілі ў самавызначэнні, была толькі адноўленая аўтаномія. І нашыя суседзі ўкраінцы ў асобе амаль усіх партыяў былі скіраваныя на аўтаномію Украіны ў складзе федэратыўнай Расійскай дзяржавы. 10 чэрвеня на пасяджэнні Камітэта Цэнтральнай рады быў прыняты Першы Універсал, што ў аднабаковым парадку абвясціў нацыянальна-тэрытарыяльную аўтаномію Украіны ў складзе Расіі (пазней Часовы ўрад прыняў дэкларацыю, дзе з некаторымі агаворкамі прызнавалася аўтаномія Украіны).

Зрэшты, пра свае асобныя правы загаварылі не толькі супольнасці нацыя­нальных меншасцяў. Так, напачатку восені 1917-га была прапанаваная ідэя ства­рэння саюза для абароны інтарэсаў казацкіх абласцей, а таксама карэнных гор­скіх і стэпавых народаў. 20 кастрычніка на ўстаноўчым з’ездзе ва Уладзікаўказе было падпісанае пагадненне аб стварэнні Паўднёва-Усходняга саюза казацкіх войскаў, горцаў Каўказа і вольных народаў стэпаў – аб’яднання Данскога, Кубанскага, Церскага і Астраханскага казачых войскаў, а таксама прадстаўнікоў калмыкаў, горскіх народаў Дагестана і Закатальскай акругі, Церскага, Кубанскага і Сухумскага краёў, стэпавых народаў Церскага краю і Стаўрапольскай губерні – як дзяржаўна-тэрытарыяльнай адзінкі, што кіруецца на прынцыпах канфедэрацыі. У кастрычніку Вайсковая рада кубанскіх казакаў у Екацярынадары (цяпер Краснадар) абвясціла праект кіравання Кубанскай рэспублікай (пазней была створаная незалежная Кубанская народная рэспубліка).

Не былі ўбаку ад пераўтварэнняў і нашыя продкі. Ад пачатку 1917 г. дзейнічала Беларуская Рада, абраная насельнікамі беларускіх земляў. Пачалі з’яўляцца іншыя арганізацыі ды партыі, што прадстаўлялі інтарэсы беларускага народа. У той імклівы і хутказменлівы час сфармаваліся розныя погляды на будучыню нацыянальнага самавызначэння, з’явілася некалькі варыянтаў нацыянальнага і дзяржаўнага ўладкавання беларусаў на сваёй зямлі. Прапаноўвалася і поўная самастойнасць Дзяржавы, і нацыянальная аўтаномія ў складзе будучай Расійскай рэспублікі, пабудова сацыялістычнай рэспублікі, і краіны буржуазнай, бачылася цесная сувязь з Расіяй, і арыентацыя на стасункі з Польшчай, з Германіяй… Зрэшты, наш край тут не ўнікальны. Пачатак ХХ ст. не толькі ў Расіі адметны сацыялістычнаю ідэяй, таму такі лад дзяржаўнага будаўніцтва быў найбольш прыцягальны многім народам.

Сёлетні год адметны тым, што роўна 100 гадоў таму – 25 сакавіка 1918 г. – у Мінску было абвешчанае стварэнне сучаснай незалежнай беларускай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі. З розных прычынаў памкненне не было зрэалізаванае да канца (у адрозненне ад тых жа нашых суседзяў палякаў, літоўцаў, латышоў). 1 студзеня 1919 г. была створаная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь са сталіцаю ў Смаленску.

Як бачым, падзеяў не бракавала. Гэта быў час, калі закладваліся падваліны сучаснай Рэспублікі Беларусь, ствараўся яе падмурак. Вядома, нашыя продкі мелі ўжо сваю дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае, якое ў канцы XVIII ст. знікла з палітычнай карты свету. Значыць, падзеі стогадовай даўніны можна расцэньваць і як памкненне стварыць сучасную рэспубліку. З якой, ведаем з гісторыі, вырасла сённяшняя Рэспубліка Беларусь. То мы і прапануем чытачам новую рубрыку, прысвечаную акурат тым даўнім падзеям. Пастараемся згадаць розныя аспекты зараджэння, світанку новай Дзяржавы, людзей, якія стаялі каля вытокаў нашай Незалежнасці – без падзелу на «правільны» ці «няправільны», герой ці здраднік, гонар ці няслаўе. Яны ўсе – дзеці зямлі Беларускай. Будзем спрабаваць сёлета паглядзець на прамінулыя падзеі з часу нашага, з 2018 г. Запрашаем чытачоў далучыцца да гутаркі.

А пачнем з дакументаў 1917 – 1919 гг. Яны ўзятыя з выданняў «История Беларуси в документах и материалах» (Мінск, 2000; аўтары-ўкладальнікі Ігар Кузняцоў і Валянцін Мазец), і «Гісторыя Беларусі найноўшага часу ў дакументах і матэрыялах. Хрэстаматыя» (Вiльня, 2008; укладальнік Алесь Смалянчук).

 Уладзімір ПУЧЫНСКІ

(Цалкам артыкул надрукаваны ў № 4 “Краязнаўчай газеты”)

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам