Рэгіён Голуб з Прынямоння

Голуб з Прынямоння

-

- Рэклама -

20 кастрычніка споўнілася 70 гадоў паэту Юрку Голубу. З гэтай нагоды супрацоўнікі Зэльвеснкай раённай бібліятэкі падрыхтавалі юбілейную сустрэчу. На імпрэзу прыйшло шмат прыхільнікаў паэзіі творцы, дарослыя і дзеці.

Разам з Юрыем Уладзіміравічам прыехалі яго сябры-пісьменнікі Валянцін Дубатоўка і слонімец Сяргей Чыгрын. Вялі сустрэчу намеснік дырэктара раённай бібліятэкі Марына Кніга і загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынга Вольга Камякевіч. Вершы паэта гучалі ў выкананні загадчыка аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Валянціны Масюк і чытачоў дзіцячай бібліятэкі.

Сардэчна прывітала юбіляра начальнік аддзела ідэалагічнай работы, куль­туры і па справах моладзі Галіна Раманчук. Яна адзначыла: «Вялікі вам дзякуй, Юрый Уладзіміравіч, што вы сваёй творчасцю ўзбагачаеце наш край, абуджаеце цікавасць да гісторыі». Раённая бібліятэка ў падарунак юбіляру падрыхтавала і выпусціла зборнік вершаў паэта аб Зэльвеншчыне «Зэльвенскі эцюд».

Запомніліся ўспаміны сяброў юнацтва паэта, якое прайшло ў Зэльвенскай сярэдняй школе. Ганна Канановіч згадала пра першае выступленне Ю. Голуба перад вядомымі пісьменнікамі. Тады настаўнікі запрасілі ў школу Васіля Быкава, Алега Лойку і Рыгора Барадуліна. Пасля іх выступленняў настаўніца роднай мовы прапанавала паслухаць і пачаткоўца. Творцы адразу прадказалі хлапчуку з вёскі Горна шлях у вялікую літаратуру.

Станіслава Прызван вучылася разам з братам Ю. Голуба, таму пра яго як школь­ніка памятае менш. А вось як супрацоўніка Гродзенскай абласной студыі тэ­лебачання памятае выдатна. Юрый Уладзіміравіч рыхтаваў тады штомесячную перадачу «Гродзеншчына літаратурная» і ўключаў у яе музычныя творы. Паколькі ведаў сваю зямлячку як уладальніцу прыгожага голасу, запрашаў на перадачы і яе, Станіславу. Удзячная зэльвенская спявачка падарыла юбіляру свае верш і песню.

Настаўнік фізічнай культуры Зэльвенскай школы, заслужаны трэнер Беларусі Леанід Ган добра памятае былога вучня, які займаўся ў секцыі па гандболе. «Сёлета будзе 50 гадоў зэльвенскаму гандболу, які пачынаўся менавіта ў гады тваёй вучобы, Юра, таму сардэчна запрашаю на свята, прымеркаванае да гэтай падзеі», – запрасіў Леанід Пятровіч былога вучня.

Таццяна Мананнікава, якую Ю. Голуб памятае як Лісіцыну, была студэнткай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, калі працаваў у «Гродзенскай праўдзе» і згуртоўваў вакол яе літаратурнай старонкі маладых паэтаў. Таццяна Міхайлаўна вельмі ўдзячная юбіляру і за калектыўны зборнік «Наднёманскія галасы», куды ўклю­чыў і яе вершы, і за вучобу на семінарах, якія з вялікай любоўю да пачат­коў­цаў ладзіў Голуб. Яна таксама прысвяціла Юрыю Уладзіміравічу свой верш.

Кіраўнік літаб’яднання пры раённай газеце «Праца» Людміла Попка сказала, што ў рэдакцыі памятаюць, як пачынаў свой шлях у літаратуру Ю. Голуб, бо менавіта журналісты падтрымлівалі юнака ў 1960-я гады, нават прапаноўвалі працу ў рэдакцыях ваўкавыскай, потым мастоў­скай «раёнак» (у той час Зэльвенскі раён быў раздзелены між суседнімі).

С. Чыгрын згадаў час вучобы ў БДУ, хоць вучыўся там у розныя гады з Голубам. Проста выкладчыкі добра памяталі свайго былога студэнта, часта ўспаміналі. А выкладчыца французскай мовы высока цаніла перакладчыцкія здольнасці Юрыя Уладзіміравіча. «Трэба было б сабраць усе пераклады юбіляра і выдаваць іх асобнай кніжкай», – заключыў Сяргей Мікалаевіч.

Кіраўнік абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Ду­ба­тоўка адзначыў унікальнасць творчага почырку Ю. Голуба. Ён лічыць, што не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі падобнага да Голуба паэта няма. З ім згод­ныя зямляк юбіляра Міхась Скобла і былы кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Зоры над Зальвянкай», аўтар гэтых радкоў. У пэўнай ступені пераняў творчую манеру старэйшага сабрата зэльвенец Уладзімір Мазго, які таксама прасіў перадаць вялікую падзяку Юрыю Уладзіміравічу за падтрымку ў маладосці.

Ажывіла залу выступленне гімназістаў, якія пазнаёмілі пры­сут­ных з птушынай азбукай, створанай Голубам у кнізе для дзяцей «Птушыны радавод».

Музычнымі падарункамі радавалі юбіляра таленавітыя супрацоўнікі школы мастацтваў і раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алег Хадукін, Святлана Сонец, Марына Бусловіч і Вячаслаў Шаўцоў.

Расчулены паэт дзякаваў землякам за добрыя словы, за цёплыя ўспаміны, што вярнулі яго ў юнацтва, чытаў вершы са зборнікаў розных гадоў (а іх, паводле падлікаў бібліятэкараў, у Голуба ўжо 15).

 Яніна ШМАТКО, г. Зэльва

Папярэднi артыкулКраязнаўчая дзейнасць бібліятэк
Наступны артыкул
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам