Саракі – гэта не проста свята, а цэлы комплекс старажытных рытуалаў і абрадаў. Традыцыйна Саракамі называлі Дзень сарака пакутнікаў. У народзе лічыцца, што ў гэты дзень зіма заканчваецца, вясна пачынаецца, дзень з ноччу мераецца – раўняецца. На Клімавіччыне заўважылі: за колькі дзён да Саракоў прыляцяць птушкі, столькі пасля Саракоў яны і пасядзяць. Верылі таксама, што ў гэты дзень з цёплых краінаў прылятаюць сорак розных птушак, а першы з іх – жаўрук.
22 сакавіка звычайна сеялі памідоры на расаду. Майстравалі арэлі з вяровак і вешалі іх на гумне. Дзеці імкнуліся разгайдацца як мага вышэй: хто вышэй узляціць, у таго ў сям’і лён будзе даўжэй. Прыкмячалі, на які дзень тыдня прыпадае свята – пазней у гэты ж дзень пачыналі саджаць бульбу.
Дзень сарака пакутнікаў часта лічылі пачаткам вясны, але ён заўсёды папярэднічаў ранішнім замаразкам: прыкмячалі, што сапраўднае вясновае цяпло наступіць толькі праз 40 дзён. Казалі таксама, што калі ў гэтыя дні замаразкі, лета будзе цёплае.
На Саракі звычайна пяклі птушак з цеста – не менш за 40. Іх стараліся ляпіць з распраўленымі крыльцамі, нібыта птушкі ляцяць. Дзеці ж хадзілі па сваяках і спявалі вясновыя песні, за што іх частавалі выпечанымі «жаўрукамі». Таксама ляпілі 40 галушак у выглядзе яек, а потым кожны дзень па адной аддавалі іх жывёле.
У нашым раёне яшчэ засталіся старажылы, якія сустракаюць гэтае свята згодна з народнымі традыцыямі: расчыняць цеста, налепяць жаўрукоў, спякуць іх у печы, а затым пададуць на стол.
У сям’і Аляксандра Галкоўскага з вёскі Судзілы так робяць кожны год. У Людмілы Галкоўскай такі рэцэпт цеста:
– Я бяру гранёную 200-грамовую шклянку агурочнага расолу, сланечнікавага алею, цукру і чатыры шклянкі мукі. Атрымліваецца смачнае хрумсткае печыва, – кажа Людміла Аляксандраўна.
У выпечцы птушак удзельнічаюць усе. Хтосьці лепіць суцэльных жаўрукоў, хтосьці – з «шалікамі», а хтосьці проста завязвае цеста ў вузел – атрымліваюцца пацешныя птушкі. Пры гэтым успамінаюць бабулю Аляксандра Мікалаевіча Марыю Слесараву.
– Бабуля выпякала самых прыгожых птушак у ваколіцы, – упэўнены Аляксандр Мікалаевіч.
Раней выпечаных птушак насаджвалі на галінкі. Дзеці беглі з імі ў поле на ўзвышанае месца і запрашалі жаўрукоў і вясну. Для гэтага існавалі спецыяльныя песенькі-вяснянкі. Ім сваіх унукаў навучыў А. Галкоўскі.
У сям’і Валянціны Багуцкай з вёскі Сідараўка таксама памяталі пра традыцыі продкаў. Не забылася пра іх і Валянціна Андрэеўна.
– Бабуля распавядала, што з дапамогай печаных птушачак выбіраўся сямейны сейбіт, – кажа жанчына. – Для гэтага ў аднаго «жаўрука» клалася манетка, а ўсе мужчыны ў сям’і выбіралі сабе печаную птушку. Каму манетка даставалася, той і раскідваў першыя прыгаршчы зярнятаў пад час сяўбы.
В. Багуцкая распавяла, што ў іх вёсцы заўсёды паўтаралі прыказкі: «На Сорак пакутнікаў сорак саракоў птушак вясну нясуць» і «Жаўрук за сабой сорак птушак прывёў».
Калі ў Валянціны Андрэеўны з’явілася свая сям’я, яна разам з дзецьмі кожны год выпякала птушак. Таццяна, Міхаіл і Мікалай з задавальненнем дапамагалі маці рабіць з цеста птушак, прычым кожны на свой манер. Потым усёй сям’ёй пілі чай.
Клімаўчанка Вольга Патапава штодня частуе сваіх родных выпечкай – піражкамі, печывам, кексамі, рулетамі і тартамі. На Саракі Вольга Мікалаеўна з дачкой Насцяй частуюць сваіх мужчынаў печывам у выглядзе птушак, якое абавязкова пакрываюць шакаладнай глазурай.
Дзяцінства Ніны Курносавай прайшло ў вёсцы Свірэль. Жанчына памятае, як яе маці і бабуля штогод 22 сакавіка выпякалі з цеста жаўрукоў. Цяпер Ніна Уладзіміраўна працуе бібліятэкарам гарадской бібліятэкі № 3, у зону абслугоўвання якой уваходзіць дзіцячы садок «Івушка».
– Сумесна з бібліятэкай да свята птушак мы рыхтуем цікавыя мерапрыемствы, – распавядае загадчык дзіцячага садка Галіна Траццякова. – У тэатралізаванай форме знаёмім нашых выхаванцаў са святам Саракі. Чытаем вершы, спяваем песні, а потым п’ем гарбату з печанымі птушкамі.
А вось удзельнікі Старадзедзінскага фальклорнага ўзорнага калектыву «Астраначка» працягваюць традыцыі сваіх аднавяскоўцаў.
– Разам з дзецьмі мы па крупінках аднавілі абрад гукання вясны і святкаванне Саракоў, – кажа кіраўнік калектыву Ала Скоцкая. – Абапіраліся на расповеды Зінаіды Асіпенкі і Галіны Брыкавай.
Дар’я ЭВЕРС, дырэктар Клімавіцкага раённага музея
(Далей чытайце ў №13 “Краязнаўчай газеты”)
Фота аўтара