Слонімскі раённы краязнаўчы музей імя І.І. Стаброўскага – адзін з найстарэйшых музеяў Беларусі – сёлета адзначыў 90-годдзе з дня заснавання. Упершыню музей адчыніў свае дзверы для наведнікаў 20 верасня 1929 года, і яго заснавальнікам стаў патомны дваранін, палкоўнік рускай арміі, удзельнік Першай сусветнай вайны, нястомны даследчык роднага краю Іосіф Стаброўскі. На сабраныя менавіта гэтым чалавекам унікальныя экспанаты і сёння прыязджаюць паглядзець з розных куткоў блізкага і далёкага замежжа. Сярод такіх экспанатаў стараславянскі ідал, датаваны Х стагоддзем, бронзавы бюст Напалеона Банапарта 1885 года (праца вядомага французскага скульптара Р. Каломба), Статут ВКЛ на польскай мове 1648 года выдання, фотаальбом «Крывавым следам» пра падзеі Першай сусветнай вайны, калекцыя старадрукаў і дакументаў XVI – XVIII стагоддзяў.
Супрацоўнікі музея і сёння працягваюць справу Іосіфа Іосіфавіча па зборы і захаванні багатай гістарычнай спадчыны Слонімшчыны. Больш за 30 гадоў у музеі працуе Наталля Руднева, цяпер яна галоўны захавальнік. Гэта сапраўдны прафесіянал, чалавек-падзвіжнік, адданы сваёй справе. Творча працуюць і навуковыя супрацоўнікі Н. Аляхновіч, С. Бурсевіч, П. Бадун, А. Зіневіч. Яны праводзяць аглядныя і тэматычныя экскурсіі, экскурсіі па гістарычным цэнтры горада, музейныя заняткі і ўрокі, музейныя вечарыны, вясельныя абрадавыя мерапрыемствы, штогадовую акцыю «Ноч музеяў», сустрэчы з воінамі-афганцамі і іншыя.
Асаблівых словаў павагі заслугоўвае ветэран музейнай дзейнасці Ірына Шпыркова, якая працавала ў музеі больш за 58 гадоў, з іх 43 гады – на пасадзе дырэктара. Менавіта Ірына Рыгораўна ў 1959 годзе прымала ўдзел у правядзенні першых раскопак на старажытным слонімскім замчышчы, стварала музейную экспазіцыю. Будучы настаўнікам і дарадчыкам для многіх пакаленняў музейных супрацоўнікаў, яна і сёння адклікаецца на любую просьбу, заўсёды дасць добрую параду, з вялікім задавальненнем наведвае музейныя мерапрыемствы, прымае актыўны ўдзел у краязнаўчых сустрэчах і канферэнцыях.
Сучасная экспазіцыя музея размешчаная ў 9-і залах і складаецца з гістарычнага аддзела і аддзела прыроды. Фонд музея налічвае каля 30-і тысячаў экспанатаў, штогод яго наведвае больш за 16 тысячаў чалавек.
Як вядома, слова «музей» у перакладзе з грэчаскай мовы азначае «храм муз». Наведаўшы музей, чалавек насычаецца творчай энергіяй, атрымлівае больш поўную інфармацыю пра мінулае свайго роднага краю, натхняецца новымі ідэямі. Музей – гэта мост, што злучае мінулае і сучаснасць, бо як справядліва заўважана, без мінулага няма будучыні.
Алена СУХАРУКАВА, дырэктар Слонімскага раённага краязнаўчага музея імя І.І. Стаброўскага
ГА “Беларускі фонд культуры” і рэдакцыя “Краязнаўчай газеты” віншуюць Слонімскі раённы краязнаўчы музей з юбілеем. Супрацоўнікам установы зычым поспехаў і здароўя. Няхай натхняе вас прыклад стваральніка ўстановы І. Стаброўскага на новыя адкрыцці.
Фоты № 27 СМС.зіп