Рэгіён Да 75-годдзя вызвалення Любанскага раёна

Да 75-годдзя вызвалення Любанскага раёна

-

- Рэклама -

Сярод шматлікіх слаўных старонак гісторыі нашай краіны, бадай, самай значнай з’яўляецца трохгадовая барацьба з гітлераўскімі акупантамі. У ёй змагарамі былі ўсе – ад малога да старога.

NBarysienka_03У ліку тых, хто адстойваў тады свабоду і незалежнасць Беларусі, была і мая зямлячка з вёскі Рэдкавічы Ніна Рыгораўна Барысевіч. Нарадзілася яна ў шматдзетнай працавітай сям’і ў вёсцы Загалле, што на Любаншчыне, 10 студзеня 1924 г. Бацька Рыгор Іванавіч Падбярозны быў умелым шаўцом, вырабляў чаравікі для вяскоўцаў. А маці Зося Максімаўна Лялькіна завіхалася па гаспадарцы.

Уласнай зямлі сям’я не мела. Таму, калі гаспадар памёр, скончылася спакойнае жыццё і ў яго сямейнікаў. Ніне на той момант ледзь споўнілася 5 гадоў. Яе забралі да сябе ў Жывунь родныя дзед з бабаю, там яна скончыла пачатковую школу, а літаральна перад вайною – яшчэ і васьмігодку ў Загаллі.Чытаць далей…

22 чэрвеня 1941 года Ніна Рыгораўна памятае, нібы ўчарашні дзень. Якраз у тую нядзелю ў Загаллі спраўлялася вяселле, і на ім гулялі амаль усе вяскоўцы. Людзі вяселіліся ўсю кароткую летнюю ноч, і ніхто нават не думаў, што раніцай наваколле ўскалыхне жудасная вестка – вайна!

З першых месяцаў дзяўчына разам з такімі ж падлеткамі, як сама, не сядзяла дома. Бегалі яны ажно ў Слаўкавічы, каб уведаць штосьці новае. І аднойчы былі зачыненыя паліцаем у чужым халодным склепе. Сядзелі там некалькі дзён, пакуль не прыйшоў нейкі чалавек ды не выпусціў палонных.

З цягам часу вёска Загалле і яе наваколле станавіліся месцам дыслакацыі партызанскай базы. Жыццё там было неспакойнае: немцы часта бамбілі наваколле з самалётаў.

Ніна Рыгораўна памятае, як аднойчы ворагі ўварваліся ў Загалле, сагналі жыхароў у хлеў, але запаліць яго не паспелі. Прыехаў нейкі іх афіцэр і загадаў выпусціць народ, бо партызанаў, маўляў, паблізу няма. Аднак многія хаты спалілі. Гэта толькі актывізавала моладзь у пашырэнні партызанскага руху. У Загаллі і Жывуні былі створаныя камсамольска-падпольныя арганізацыі.

Аднойчы Ніна прыбегла дадому, каб убачыцца з маці. Ужо ў хаце пачула, як па вёсцы разносяцца выкрыкі: «Партызаны! Партызаны!».Толькі намерылася выбегчы, але ў сенцах пачула цяжкія крокі. Неўзабаве дзверы расчыніліся, у хату ўвайшоў чалавек у паліцэйскім адзенні і загадаў: «Хуценька забірай усё неабходнае і ўцякай. Немцы ў вёсцы!». Ужо ў атрадзе дзяўчына даведалася, што паліцай быў нашым сувязным.

З вясны 1942 года над мясцовасцю пачалі з’яўляцца савецкія самалёты. Яны скідвалі грузы са зброяй, боепрыпасамі, газетамі і лістоўкамі. А вось каб прымаць іх на зямлі, трэба было мець свой аэрадром. Рыхтаваць пляцоўку пад яго, карчаваць лес, засыпаць ямы стала моладзь. І ўжо ў верасні 1942 года самалёты маглі садзіцца на самаробны аэрадром вострава Зыслаў. Там жа знаходзіліся Мінскі абкам партыі, камандаванне патызанскага злучэння, выходзілі газеты «Звязда», «Чырвоная змена». У Загаллі працавала партызанская школа, настаўнічалі ў якой актыўныя камсамолкі Марыя Дзяшковіч, Аляксандра Бедзік, Антаніна Корбут і Аляксандра Комлік.

Ніне вельмі запомнілася, як аднойчы непадалёк вёскі Жывунь, вяртаючыся з задання, партызаны знайшлі пад разгалістай елкай маленькае дзіцятка. Забраць яго з сабою было небяспечна, і тады ўсе вырашылі пакінуць малое адной жанчыне ў бліжэйшым паселішчы.

Неяк позняй восенню, успамінала Ніна, прыехалі ў Загалле партызаны з Рэдкавічаў. Быў сярод іх прыгожы статны хлопец Адам Барысевіч. Прыглянуўся ён Ніне, але яна нікому пра гэта не казала. Аднойчы адправілі партызанаў ва Урэчча падарваць чыгунку. У той групе была і яна з Адамам, і натрапілі яны на варожую засаду. Завязаўся цяжкі бой, у якім абодвум пашчасціла выжыць. Пасля чаго хлопец сказаў дзяўчыне: «Не жаночая гэта справа хадзіць з вінтоўкаю на плячах у цяжкіх салдацкіх ботах. Жанчына павінна нараджаць і гадаваць дзяцей».

Аспрэчваць пачутае Ніна ўжо не магла, бо яе ўсю калаціла гарачка. Адам прывёз доктара. І той паставіў дягназ – тыф. Ён ледзь не сагнаў дзяўчыну ў магілу, выжыць удалося цудам. Мабыць, хісткасць жыцця паскорыла намеры Адама – ён прапанаваў Ніне выйсці за яго замуж. А тая адразу ж згадзілася, бо ўжо не ўяўляла будучыні без каханага.

Партызанскае вяселле справілі ў глухім загальскім лесе.

– А музыка была? – пытаюся ў жанчыны.

– А як жа, і музыка была, і песні спявалі, і ваўкі вылі…, – засмяялася яна ў адказ.

NBarysienka_02 NBarysienka_01

Пасля вяселля Адам прапанаваў жонцы разам паехаць у Рэдкавічы. Так у ліпені 1943 года яны апынуліся ў атрадзе імя А. Труцікава. Камандзірам партызанаў быў Васіль Статкевіч. Пазнаёміліся там Барысевічы і з яго жонкай Марыяй. Жанчыны разам з мужчынамі хадзілі часам на баявыя заданні. Асноўным жа заняткам Ніны быў догляд хворых і параненых.

Партызанскі атрад стаяў каля вёскі Верачагоршч, у лясным масіве Смалянка. Здарылася так, успамінае Ніна Рыгораўна, што два «лясные байцы» захварэлі на тыф. Адзін з іх у гарачцы вельмі прасіў журавінаў. Ніна расказала пра тое Адаму. Але муж запратэставаў, баяўся адпусціць жонку па ягады, кругом жа былі немцы і паліцаі. Вось тады Ніна ўпершыню не паслухала яго. Раненька ўпотай выбегла з зямлянкі, дабралася да балота і назбірала крыху журавінаў. Пасля ў Рэдкавічах выздаравелы Міша ўсім расказваў, што вылечылі яго кісла-салодкія Нініны журавіны.

Памятае ветэранка і тое, як каля Верачагоршча трэба было пераправіцца на плыце праз раку Арэсу. Ніна вельмі баялася ступіць на яго. Адам жа працягнуў ёй сваю шырокую, моцную далонь і сказаў: «Не бойся, страшней будзе далей». Так яно і сталася. Перабраўшыся на другі бераг, доўга давялося сядзець у Чорным балоце, у макраце і холадзе. А так хацелася хаця б гадзінку паспаць, адпачыць у цёплай хаце.

Чаго толькі не перажыла Ніна Рыгораўна! Яна ніколі не забудзе выпадку, калі ў атрад прывезлі цяжкапараненага партызанскага разведчыка Івана. Хлопец згараў на вачах, нага пачарнела, распухла, пачыналася гангрэна. Тады доктар сказаў Ніне: «Будзем ампутаваць нагу звычайнай пілою, якой рэжуць дровы, бо іншага інструмента ў нас няма, а марудзіць нельга». Ніна аж здрыганулася. Вочы сталі мокрымі ад слёз, бо яна вельмі хвалявалася за хлопца, думала, што той не вытрымае болю. Каб крышку прытупіць боль ад такой «аперацыі», партызаны здабылі ў бліжэйшай вёсцы самагону, прамылі ім пілу і далі выпіць Івану. І той вытрымаў, перанёс такую цяжкую аперацыю ў складаных умовах! Толькі на гэтым усё не скончылася. Пачуўся брэх нямецкіх аўчарак, партызаны ўступілі ў бой з ворагам і ў перастрэлцы загінула ажно некалькі з іх, а двое аказаліся параненымі.

Цяжкімі былі вёрсты вайны. Нарэшце напрыканцы чэрвеня быў вызвалены Любанскі раён, а неўзабаве свабоднай стала і ўся Беларусь. Каб адзначыць гэтую падзею, беларускія партызаны правялі сапраўдны парад Перамогі ў Мінску. У ім удзельнічаў і Адам Іванавіч Барысевіч.

…Чорны попел вайны развеяўся над нашымі Рэдкавічамі. Амаль уся вёска была спаленая, у тым ліку і Адамава хата. Але не апусціў рукі адважны партызан, узвёў новую, яшчэ лепшую. А Ніна завяла вялікую гаспадарку.

З першых паваенных гадоў і да заслужанага адпычынку Ніна Рыгораўна была хлебаробам, затым працавала доўгі час на жывёлагадоўчай ферме цялятніцай у калгасе «Чырвоная змена», якім паўвека кіраваў таксама зыслаўскі партызан, Герой Сацыялістычнай Працы Кузьма Шаплыка. 58 гадоў пражылі Адам і Ніна разам. У згодзе і любові далі жыццё пяці дзецям, займелі восем унукаў, сямнаццаць праўнукаў. На жаль, ужо амаль 20 гадоў, як гаспадар пакінуў гэты свет.

Хаця прайшло больш за 70 гадоў, Ніна Рыгораўна яскрава памятае падзеі ваеннага ліхалецця. Нагадваюць пра іх ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені і медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.» і мноства іншых юбілейных…

Здароўе, безумоўна, ужо не тое, але Ніна Рыгораўна па-ранейшаму добразычлівая і гаваркая. Разам з тым, пры ўспамінах пра вайну на вочы набягаюць слёзы, а ў памяцці ўсплываюць вобразы маладых хлопцаў, якія не вярнуліся з Вялікай Айчыннай. Баліць за іх душа, і боль гэты будзе турбаваць жанчыну да скону веку.

Марыя СЛІВЕЦ, бібліятэкар Рэдкавіцкай сельскай бібліятэкі, Любанскі раён

На фота: дзеці з аматарскага аб’яднання «Сінязорка» віншуць Ніну Рыгораўну са святам; ветэранка з вучнымі Рэдкавіцкай сярэдняй школы; вясковыя дзеці дапамагаюць ветэранцы

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам