Рэгіён Малой радзіме – вялікую ласку

Малой радзіме – вялікую ласку

-

- Рэклама -

Сёлетні год абвешчаны Годам малой радзімы. Усім, хто ўсур’ёз заклапочаны яе лёсам, відавочна, што зрабіць трэба нямала і што задачы пастаўленыя маштабныя.

У той жа час малая радзіма патрабуе ўвагі не толькі сёлета. Нашая зямля заўсёды адгукаецца на клопат – як цяпер, як сто гадоў таму, так і ў будучыні, калі на ёй будуць жыць нашы нашчадкі. Што сёння адбываецца ў невялікіх вёсачках? Ці ведаюць жыхары раённых цэнтраў пра тыя цікавосткі, што іх атачаюць? Якія захады варта зрабіць на ўзроўні ўсёй краіны?..

Адказы на гэтыя і некаторыя іншыя пытанні шукалі пад час круглага стала, ар­ганізаванага Выдавецкім домам «Звязда» і рэдакцыяй «Краязнаўчай газеты», ГА «Бе­ларускі фонд культуры». Удзел бралі дырэктар – галоўны рэдактар Вы­да­вец­кага дома «Звязда» Павел СУХАРУКАЎ, галоўны рэдактар «Краязнаўчай газе­ты» Уладзі­мір ГІЛЕП, старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш СТРУЖЭЦКІ, намеснік старшыні БФК Анатоль БУТЭВІЧ, старшыня Пастаўскага раённага аддзялення Та­ва­рыства беларускай мовы краязнавец Ігар ПРАКАПОВІЧ, выканаўчы дырэктар ма­ладзёжнага аб’яднання «Гісторыка» Таццяна ПЯТРОВА, вядучы навуковы супра­цоў­нік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы музеязнаўца Павел КАРАЛЁЎ, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь ХІТРУН.

Рабіць і на малой радзіме – вялікія справы

 Анатоль Бутэвіч: Круглы стол, які праводзяць рэдакцыі газеты «Звязда» і «Краязнаўчай газеты», сабраў лепшых людзей з краязнаўчага поля Беларусі, каб пагаварыць на тэму, што актуальная сёлета, у Год малой радзімы. А як на мой погляд, гэта своечасовая назва года, бо і да гэтага часу было няма­ла карысных справаў, якія ўшаноўвалі малую радзіму. Гэтая тэма не была забытая ніколі і нікім – ні краязнаўцамі, ні мясцовымі жыхарамі, ні сродкамі масавай інфармацыі. Задача круглага стала – зірнуць, можа быць, новымі вачы­ма і не столькі хвалячыся, што зрабілі, а вызначыцца з тым, што трэ­ба канкрэтна зрабіць. Хацелася б, каб адбылася не тэарэтычная раз­мова, каб не атрымалася, што мы некаму ставім задачы, а гутарка, што б мы хацелі, што б мы маглі зрабіць, каб нашыя акцыі, справы засталіся рэальнымі здзяйсненнямі.

Наша малая радзіма – як правіла, на маё разуменне, гэта вясковы стыль жыц­ця. Беларусь заўсёды была сельскай краінай. На жаль, на сённяшні дзень ад­бываецца імкненне ўсіх у мегаполіс. «Вось прыедзем у вялікі горад, там нешта пры­дбаем, і будзем жыць багата як усё роўна нічога не робячы, паклаўшы нага на нагу…». Але на шчасце – адбываецца і адваротны працэс. Людзі пачынаюць разу­мець, што мегаполіс – не панацэя, не ўцёкі ад рэаль­нага жыцця, якога мы ха­це­лі пазбыцца. Наадварот, пачынаецца працэс, калі з вя­лікіх гарадоў з’язджаюць у ма­ленькія вёсачкі. І там жывуць, там ствараюць.

У беларускай тэрміналогіі што было? Хутар (ка­лі браць Заходнюю Беларусь), вёска, сяло, мястэчкі былі. Не ве­даю, ці маю рацыю, але для мяне баліць сітуацыя, калі мы міжволі выкрэслівалі з нашага ўжытку, жыцця вёску. Не толькі таму, што пе­рамяш­ча­емся самі ў мегаполіс, і тыя вёскі знікаюць, але нават у самім, калі хочаце, адмі­ні­страцыйным рэсурсе. Можна згадаць, як побач з даўняй-прадаўняй вёскай з’яві­ліся аграгарадкі. На мой погляд, сама назва ўжо вымушае нас адарвацца ад зямлі. Мы ж жывем у аграГАРАДКУ, а не на зямлі. І можа, гэта становіцца прычы­наю, што мы ча­сам абыякава ставімся да некаторых праб­лемаў, што на мясцовым узроўні ўзніка­юць. Можа, гэта адна з прычынаў, што сёння сельскія жыхары перасталі мець улас­ныя гаспадаркі ў тым жа аграгарадку. Ці не гэтым самым адрываемся мы ад зямлі, ад кара­нёў. Мы былі традыцыйна моцныя каранямі. Наша малая радзі­ма там, дзе пахаваныя нашыя продкі. На могілках і сёння знаходзім паха­ванні выбітных людзей, звязаных з нашымі магутнымі родамі. Бывае, што і ў смеццевых кантэйнерах ля­жаць цэлыя пакункі сямейных фотаздымкаў. Унукам-праўнукам яны непатрэбныя, бо чорна-белыя, старыя… Але ж гэта фіксацыя таго жыцця, якое было. Коль­кі яшчэ такіх здымкаў захоўваецца ў нашых хатах, на гарышчах! А сабраўшы іх, ці не з’явіц­ца які новы Ліхадзедаў, які збярэ гэты факталагічны матэ­рыял, захавае яго на­шчадкам. Пэўным чынам і БФК, і «КГ» удзельнічаюць у гэтым працэсе.

Я хацеў бы, каб мы перайшлі да практычнай гаворкі. ШТО мы маем, ШТО трэ­ба зрабіць – і нам у тым ліку. Другі аспект: мы хочам аб’явіць, магчыма, з удзелам рэдакцыяў «КГ» і «Звязды», конкурс на тэму «малой радзімы» і для краязнаўцаў, і для людзей неабыякавых. Каб тая радзіма была ўшанаваная не толькі імёнамі, да прыкладу, Барыса Кіта, Ігната Дамейкі ці іншых знаных асобаў, але і тымі ж настаўнікамі, якія рабілі, здавалася б, нябачную справу і зрабілі з нас асобаў, пры якіх ствараліся і школьныя музеі. Каб гэтыя імёны сталі славутыя. Гэта адзін з напрамкаў. Можаце сёння падказаць іншыя.

Павел Сухарукаў: Сёння не мы тут галоўныя, а краязнаўцы, якія хочуць падзяліцца сваімі ідэямі наконт развіцця гэтай вельмі важнай тэмы.

Я трохі больш чым год мінчанін. Распытваю людзей, шукаю і пакуль што не знайшоў карэннага мінчаніна. Хаця б у 3-4-м пакаленні. Усе мы з малой радзімы. Я вось мастоўскі хлопец, цяпер жыву ў Мінску. Але любоў да родных мясцінаў я на­заў­сёды трымаю ў сэрцы, заўжды кажу, што калі будзе праца ў Мастах, вярнуся ту­ды з вялікім задавальненнем. Я згодны з Анатолем Іванавічам, што дзяржава ба­чыць тыя праблемы, якія існуць у гэтым накірунку. І тое, што сёлета Год малой ра­дзі­мы, сведчыць, што гэта трэба выкарыстоўваць. Ці зрабіць дзяржаўную праг­ра­му, у шырокім спектры накірункаў. Але ўсё ж галоўнае сёння – чалавек. Вось я мас­тоў­скі, і постаць Алеся Белакоза паказвае нам, як шмат адзін звычайны настаўнік без асаблівай улады зрабіў для сваёй вёскі, для прыцягнення цікавасці найперш мола­дзі да родных мясцінаў: стварыў музей краязнаўства і музей беларускага ткацтва. Гэ­та цяпер, калі яго ўжо няма, ператварыла Гудзевічы ў міжнародны цэнтр развіцця краязнаўства. Я бываў там не раз, і не два. І бачыў, што ён там працаваў да апош­няга свайго дня. Мне падаецца, галоўнае, што хвалю цікавасці людзей да родных мясцінаў (і канкрэтных дзеянняў) мы павінны падтрымаць.

А.Б.: А давайце мы ад нашага стала ці ад нашых газетаў унясем прапанову усталяваць мемарыяльную дошку на школе, дзе працаваў Белакоз і дзе ён стварыў два музеі. Гэтая асоба заслугоўвае таго.

П.С.: Няхай гэты круглы стол будзе першым добрым крокам у нашым супра­цоў­ніцтве і з фондам культуры, і з «Краязнаўчай газетай».

Уладзімір Гілеп: Прысутныя ведаюць, што «Краязнаўчая газета» выдаецца з 2003 г., адзначыла ўжо 15-годдзе і выхад 700 нумара. Літаральна з першых нума­роў тэмы малой радзімы і славутых імёнаў Бацькаўшчыны займаюць трывалае мес­ца на яе старонках. Чытачы «КГ» – не толькі краязнаўцы, але і бібліятэкі, дзяржаў­ныя музеі – сталі падпісчыкамі, на вялікі жаль, невялікая колькасць школьных му­зе­яў (хаця ў краіне іх больш за 1500). Нам не ўдалося зацікавіць школы (хутчэй, нават аддзелы адукацыі райвыканкамаў), у нас не хапіла на гэта «рэсурсаў». Хаця менаві­та на навучэнскую моладзь разлічаная большасць краязнаўчых матэрыялаў і спе­цы­яльная рубрыка «Школьнае краязнаўства».

З пачатку новага тысячагоддзя БФК распачаў новую праграму «Славутыя імё­ны Бацькаўшчыны». Выйшлі 2 тамы гістарычных нарысаў аб знакамітых ураджэнцах беларускай зямлі. Калі вярнуцца на 20-годдзе назад, успомніце, хто з нас у прэсе, па тэлебачанні, радыё чуў імёны Якуба Наркевіча-Ёдкі, Канстанціна і Міхаіла Ель­скіх, Напалеона Орды, сямейства Ходзькаў, Аляксандра Скірмунта, Канстанціна Аст­рожскага, многіх іншых. Толькі-толькі на слыху з’яўляліся імёны Радзівілаў, Сапегаў, мы з вялікаю насцярогаю пачалі лічыць сваімі землякамі Адама Міцкевіча, Станісла­ва Манюшку, Соф’ю Кавалеўскую, Фёдара Стравінскага, род Шастаковічаў. Усе гэ­тыя імёны ўвайшлі ў першыя 2 тамы «славутых імёнаў». Менавіта праз знакамітых суайчыннікаў «КГ» выйшла на тэму малой радзімы. Тэма ж малой ра­дзімы і тых імёнаў, што яна нарадзіла, – літара «аз», з якой пачынаецца Ай­чы­на. Уявіце, колькі нам трэба ўваскрэсіць на шляху ад «аз» да «яць». Тое, што зробле­на, – толькі выведка. І краязнаўцы ведаюць, што гэтая разведка часта праходзіць боем.

Што рабіць далей?

Пройдзе Год малой радзімы, застаецца абсалютна не рытарычнае пытанне: «Што зрабіў, чым дапамог сваёй малой радзіме?». Так, і Копысь стане добрым агра­гарадком, і справаздачу па годзе зробім… Тут я хачу падтрымаць галоўнага рэдак­тара «Звязды», які сказаў, што нам патрэбная доўгатэрміновая праграма. Кшталту та­го, што мы рабілі ад 1980-х гг. па выданні кнігі «Памяць». Ведаем, з якой цяжкас­цю пачыналася яна: ідэя нара­дзі­лася ў аддзеле культуры ЦК КПБ, але хутка авало­дала на месцах краязнаўцамі, бібліятэкарамі, музейшчыкамі і партыйнымі работні­ка­мі. Але ідэю не падтрымалі ў ЦК КПСС. Мы павезлі першую кнігу «Памяць», Шумі­лінскага раёна, яшчэ ў рукапісах, каб узгадніць. Нам сказалі: «Не. Вы хочаце быць на­пе­радзе Расіі? Вы хочаце апярэ­дзіць Украіну?» Знай сваё месца, Беларусь! І еду­чы назад, сакратар ЦК кампартыі Беларусі першы раз не пагадзіўся з рэкаменда­цыя­мі ЦК КПСС. Сказаў: «Мы будзем рабіць гэтую кнігу». Гэта быў Аляксандр Трыфана­віч Кузьмін. Памятаеце, у кожным раёне былі створаныя спецыяльныя групы, якія працавалі над тэмай. Выйшлі кнігі «Памяць» па кожным раёне. Края­знаўцы многа разоў пісалі ў «КГ»: давайце мы працяг­нем працу над кнігай «Памяць», яна патрабуе дапаўненняў. Так, яна патрабуе дапаў­нен­няў. У мяне нарадзілася такая ідэя: ужо не трэба ствараць спецыяль­ную рэдкалегію, як было зроблена раней. У нас ёсць рэ­дак­цыя Энцыклапедыі. У нас наза­па­ша­ны велізарны матэрыял у бібліятэках, му­зеях, у краязнаўцаў. Я бачу гэта як дапаўненне да кнігі «Па­мяць» па кожным раёне. Гэта патрабуе, вядома, яшчэ аднаго круглага стала, можа, канфе­рэн­цыі. Каб гэтая ідэя зноў авалодала масамі, каб яна стала доўгатэрміноваю дзяржаўнай праграмай. Не спыніліся б мы на адным годзе – Годе малой радзімы, а пайшлі б далей.

А.Б.: Так, Вы маеце рацыю, але я бачу, што працяг можа быць і ў іншым. Па­гля­дзіце, колькі акцыяў мы называлі, што яшчэ не закончаныя. Тая ж ак­цыя, ініцыя­ваная «КГ» і БФК, «Полацк – калыска беларускай дзяр­жаў­на­сці». Так, мы прадэ­кла­равалі, абвесцілі. А далей – хто што павінен зрабіць? На жаль, спра­ва амаль што стаіць. Таму дэкларацыя добрых акцыяў, што былі аб’яўленыя, патрабуе вельмі кар­патлівай працы. Каб нешта адбылося, трэба, каб нехта нешта рабіў на месцах. Каб той жа «звяздоўскі» «Ігуменскі тракт» стаў рэальным трактам, а не пуб­лікацыямі на асобныя разрозненыя тэмы, якія не даюць агульнага накі­рунку. Так, яны даюць уяўленне, што адбываецца ў рэгіёнах, але выкласці іх у нейкую канкрэт­ную праграму, пакуль што, на мой погляд, не ўдаецца.

Тадэвуш Стружэцкі: Я хачу вярнуцца да словаў Сухарукава і Гілепа, што гэта праблема грамадска-дзяржаўная. І яна фармавалася і абвастра­лася многія дзесяці­год­дзі. Успомнім 1990-я гг., калі былі распаўсюджаныя тэрміны «неперспек­тыўныя вёскі» і «ўзбуйненне населеных пунктаў». Існавалі фактары стрымлівання развіцця фер­мер­ства. Іх жа было шмат ахвочых, гэта магло б надаць дыханне і паміраючым вёс­кам. Нарэшце, праблемы аптымізацыі, што перыядычна ўзні­ка­юць. А фактычна гэ­та было мэтавае скарачэнне сацыяльна-культурных установаў на вёсцы. На 1995 г. у краіне было каля 6 тыс. бібліятэкаў і звыш 5 тыс. клубных уста­но­ваў, у асноў­ным – сельскіх. Сёння прыкладна 2 700 бібліятэкаў, скарочана больш чым удвая. Яшчэ ад­на ліч­ба. Дадзеныя Су­светнага банка інфармацыі (надрукаваныя ў інфармацый­на-аналітычным зборніку за 2008 г., па­зней не знайшоў): Беларусь уваходзіла ў гру­пу краінаў, дзе сельскае насельніцтва паста­янна змяншаецца, але і мела адзін з самых высокіх паказчыкаў – скарачэнне ў сярэд­нім 1,6% за год (у свеце 0,6%). Пры­клад з той жа «Звязды»: з 2009 па 2014 г. на Магілёўшчыне было скаса­ва­на 47 сель­скіх Саветаў, а іх функцыі перададзеныя іншым адміністра­цыйным адзін­кам. Па­трэбныя вельмі важныя крокі як з боку дзяржавы, так і з боку ўсяго грамадства па ства­рэнні ўмоваў для фарма­вання новых працоўных месцаў, для стварэння сель­скай інфраструктуры, для ра­монту і аднаўлення дарожнай сеткі і г.д. Грамадства зой­мецца захаваннем сельскіх тра­дыцыяў і адраджэннем памяці аб продках. Вось тады вымалёўваецца логіка, бачыцца перспектыва: дзяр­жава будзе ініцыяваць і мэ­тава рэалізоўваць свае задачы, а кожны канкрэтны чалавек будзе бачыць свой удзел, тады мы сапраўды атрымаем сістэму, якая пры­вядзе да карэнных зрухаў, каб Беларусь захавала свае гіста­рыч­ныя традыцыі. Безумоўна, яна не стане сельскай, але роля і доля сель­скага насельніцтва будзе павышацца. Значэнне яе ў жыцці дзяржавы, грамадства так­сама будзе павялічвацца.

На мой погляд, Год малой радзімы не столькі вырашыць праблемы, колькі іх завострыць, абазначыць і скіруе грамадства на іх вырашэнне.

А.Б.: Тут бы я трошкі не пагадзіўся, па адной праблеме. Гэта дыс­ку­сій­нае. Мы заўсёды (і я ў тым ліку) чакаем: павінна быць дзяржаўная праг­ра­ма, дзяр­жаўнае нешта яшчэ. А можа, нам самім трэба прыдумаць такое, што пасля ля­жа ў дзяржаў­ную праграму? Бо толькі чаканне, што дзяржава нам штосьці зробіць, можа зацяг­нуц­ца не дзесяцігоддзі і ніколі тое не адбудзецца (у сілу розных прычынаў, не таму, што дзяржава ігнаруе – у яе дзясяткі іншых падобных напрамкаў, што патра­буюць свайго вырашэння).

Ігар Пракаповіч: Я вывучаю мінуўшчыну Па­стаўскага і Мя­дзель­скага раё­наў, таму на гэтую праблему гляджу якраз адтуль. Займаюся школьным краязнаў­ствам, распрацоўваў сістэму школь­нага краязнаўства. Назіранні мае такія. У Бела­русі пятая частка насельніцтва жыве ў сталіцы, і я ведаю, што мае вучні заканч­ваюць гім­назію, боль­шасць імкнецца паехаць у Мінск, уладкавацца там на працу. Вя­до­ма, гэта ненармальна. У 1970-х гг. на Падзісеншчыне існаваў вяскова-местачковы мегаполіс. Вёска ішла за вёскай, адна заканчвалася, другая пачы­налася. Цяпер мы маем: ад­ны могілкі, праязджаем – дру­гія, трэція… Жывых вёсак амаль няма. Гэта сацыяль­ная праблема… Мы павінны ісці неяк іншым шляхам. Я хацеў бы прапа­на­ваць раз­глядаць краязнаўства ў двух ракурсах. Першы – даследчая дзейнасць, вы­ву­чэнне род­нага краю, а другі – асветная дзейнасць на гэтай тэрыторыі, або на ўсёй тэры­торыі Беларусі. Даследчая дзейнасць – гэта краязнаўцы, якія займаюцца з вуч­нямі, з сябрамі пошукам новых гістарычных фактаў, матэрыялаў. Мяне цікавіць амаль усё, таму я імкну­ся збіраць ма­тэрыялы па пэўных тэмах, у т.л. па знакамітых асобах. Да прыкладу, у Паставах бы­ла школа парфоснага паля­ван­ня. Што такое парфоснае паляванне, мала хто ведаў нават у музеі. Я заняўся тэмай – у выніку выйшла невялікая брашурка. Цяпер у му­зеі маем пры­свечаную яму выставу. Яшчэ тэма – Першая су­свет­ная вайна. У 1990-я гг. мы пачыналі хадзіць з вучнямі, запісваць, наносіць на карты пахаванні, месцы былых ума­цаванняў. З’явіліся публікацыі, разам з дачкой напісалі кнігу. Сёння ёсць у Па­ставах і музейная экспазіцыя, прысвечаная гэтай вайне, напэў­на, будзе ства­рац­ца экс­пазіцыя пад адкрытым небам. Цяпер дзейнічае валан­цёр­ская арганізацыя «За­ходні рубеж», якая займаецца аднаўленнем закінутых помнікаў не толькі рускіх, але і германскіх салдатаў. Збор матэрыялаў выліваецца ў канк­рэт­ную дзейнасць, якую можа скарыстоўваць і дзяржаўная арганізацыя. Гэта дае маг­чымасць потым раз­ві­ваць турыстычны патэнцыял рэгіёна.

Асветніцкая дзейнасць. Нашыя вучні лепш ведаюць Амазонку, Конга ды Кардыльеры, чым сваю мясцовасць. Пытаюся, якая самая вялікая рака ў Пастаўскім раёне – праб­лема. Якое самае глыбокае возера?.. У нас у раёне хоць уведзены факуль­та­тыўны курс «Краязнаўства», амаль ва ўсіх школах (1 гадзіна на тыдзень). Створаны дапаможнік «Чароўны край – Пастаўшчына», які ёсць у кожнай школе. У нас і началь­нік аддзела адукацыі такі, што ўзяў на сябе ініцыятыву сабраць грошы, каб яго выдаць. На­клад 400 асобнікаў, для раёна нядрэнны. Ёсць дадатак – сшытак на друкаванай аснове «Ці ведаеце вы Па­стаўскі край?». У ім у адпаведнасці са зместам дапамож­ніка пытанні, заданні, фотаздымкі. Напрыканцы мінулага года выйшла мая кніжка «Край беларускага сэрца – Мядзельшчына», яе таксама можна выкарыстоўваць у шко­лах, наклад скіраваны ў школы Мядзельскага раёна. Увогуле, пажадана, каб у кожнай школе быў курс па вывучэнні роднага краю.

Трэба займацца папулярызацыяй і саміх краязнаўцаў. Яны выдаюць кніж­кі, звычайна за свой кошт, невялікімі накладамі, пра якія мала хто ведае… Хоць нека­то­рыя бываюць вельмі цікавыя. Цяпер я падрыхтаваў даведнік «Даследчыкі роднага краю». Тут каля 70 персаналіяў, поўнае дасье на краязнаўцаў.

Яшчэ можна многа рабіць праз інтэрнэт: ствараць базу па сваім раёне, каб быў адзіны сайт па раёне, дзе сабраная ўся інфармацыя.

А.Б.: Вы сказалі, што зрабілі самі. І зроблена шмат насамрэч. Тым не менш, ка­лі зірнуць на праблему Вашым вопытным вокам (выданне кніг – адзін з аспектаў ушанавання малой радзімы), што яшчэ магло б быць? Казалі, што едзеш і бачыш на месцы вёсак адны могілкі. Так, калі сёння падлічыць у Беларусі (ніхто, відаць, такую статыстыку не вёў), то страчаных вёсак будзе больш, чым тых, што існуюць сёння… А што нават для тых, зніклых вёсак, можна рабіць, каб захаваліся ў людской памя­ці? Там жа людзі жылі, і выбітныя асобы маглі быць, і справы былі… Якім чынам за­фіксаваць гэтую гісторыю малых радзімаў, зніклых вёсак?

І.П.: Складанае пытанне. У нас у раёне ёсць в. Рымкі. Стаіць царква, а нівод­на­га жыхара ўжо няма. Напісалі мы кніжку і прапанавалі ідэю. Вёска знаходзіцца ў ту­піку, там сцякаюцца тры рэчкі. Не было дарогі. Калі пракласці дарогу праз Дзісну, па­й­шоў бы рух, можа, у вёску нехта вярнуўся б. Абмяркоўвалі гэта з кіраўніцтвам раёна – нерэальна пабудаваць мост праз Дзісну, дорага. Другі варыянт. Ёсць хрыс­ціянскія абшчыны. Колькі манахаў прыехала б, пасяліліся і ператварылі б гэта мес­ца ў рай на зямлі. Таксама чамусьці руху няма. У нас, ведаю, у в. Хрыс­това ёсць чалавек па прозвішчы Татаранка. Ён за свой кошт вырабляе шыльды ў гонар вёсак, што зніклі, і ставіць у месцах, дзе яны былі. Ці патрэбна? Але хаця б так!

У.Г.: Вядома, патрэбна. Гэта ўжо аб’ект турызму.

А.Б.: Мы маем падобны прыклад у Вілейскім раёне. Там некалькі гадоў таму была праведзеная акцыя па ўшанаванні зніклых вёсак. Зрабілі своеасаблівы парк – ус­талявалі памятныя знакі кожнай са зніклых вёсак. Але працэс ідзе, зні­ка­юць вёскі і сёння. Ці не атрымаецца, што мы хутка будзем мець усю зямлю ў камя­нях, дзе напісана, што «тут была вёска». Але ж забыцца мы таксама не маем права.

Традыцыі былі, вяселлі гулялі, фэсты праводзілі, іншыя святы. А можа, уша­на­ваць праз запіс успамінаў на мясцовым узроўні, калі няма каму напісаць кнігу? Абазнаным людзям, можа, браць мікрафон, ехаць і фіксаваць, нават калі не друка­ваць. Каб засталося ў бібліятэцы, музеі. Прыйдзе час, можна будзе скарыстаць. Ці скарыстаць у інтэрнэце, ці якім іншым спосабам. Але важна, каб гэта было зафік­са­ванае ад людзей, якія бачылі, а не ўспаміны з успамінаў. Тут, падаецца, таксама поле дзейнасці ёсць.

І.П.: Так, мы і запісваем жыхароў.

А.Б.: А можа, у працяг сказанага Гілепам пра славутых асобаў, кнігу «Памяць» распаўсюдзіць і на зніклыя вёскі? Будзе ўшанаванне і людзей, і саміх вёсак – што існуюць, і што зніклі. Калі гісторыя раёна будзе пададзеная праз гісторыю вё­сак, будзе бачна і што засталося, і што страчанае. Гэта – адзін з шляхоў фіксацыі?

Алесь Хітрун: Я не першы год займаюся запісамі ўспамінаў. Скарыстоўва­юц­ца аўдыя-, відэазапісы. Дзякуючы аўдыя можна захаваць гаворку, дыялекты. Яшчэ ў пачатку студэнцтва ў Гродзенскім універсітэце ў зборнік навуковых пра­цаў трапіла мая рубрыка «Як маці гаворыць» – як мая маці, як вёска гаво­рыць. Вытрымкі пазней выкарыстоўвала нашая лідская раённая га­зета. Я гэтую рубрыку працягваю, збіраю, друкую. Гады 2 таму я браў удзел у конкурсе «Мясціны, знітаваныя лёсам». Вёска Ка­зі­чы ў стадыі знік­нення. Я паехаў ад музея распытаць апош­ніх жыхароў, як яны жывуць. Бабуля адна не хацела мяне нават на падворак запрашаць. Людзі чамусьці спалоханыя. Усё ж угаварыў. Зайшоў, гляджу, дзядуля, якому, відаць, больш за 90 гадоў, коле дровы. Кажу: «Бабуля, давайце я парубаю дро­вы». Пагадзілася. Пака­лоў, і дзядуля кажа: «А што, хлопчык, хочаш за гэта? У мяне ні­чога няма». «Ад вас мне патрэбныя толькі ўспаміны». Тады дзед і баб­ця мне ўсё расказалі пра вёс­ку. На­друкаваў гэты матэрыял у лід­скай газеце, тэлефаную бабулі. Яна і смяецца, яна і плача: дзядуля памёр, не дачакаўся публікацыю. Я паспеў ухапіць інфарма­цыю.

Вёска Крупава вядомая і дзякуючы І. Дамейку. Летась мы адзначалі 215 гадоў з дня яго нараджэння. Было здзейсненае падарожжа ў Заполле, з-за мяжы прыяз­джа­ла радня. Час ад часу я наведваю Заполле, збіраю інфарма­цыю, штосьці друкуем у часопісе «Лідскі летапісец». Выданне вядо­мае і па ўсёй Беларусі, сайтам «Павет» карыстаюцца ўсе краязнаўцы.

А.Б.: Вы – даследчыкі-адзіночкі? Кніжкі пішуцца адзіночкамі. Як далучыць школь­нікаў? Ці далучаныя яны, і ў якой форме? Старыя могуць паўспамінаць. Але калі не будзе пераемнасці, хто падхопіць ідэі? Ці ёсць рэальны парыў у мо­ла­дзі?

А.Х.: Далучаем. Два гады таму пры маёй Крупаўскай школе я вёў гурток «Лі­та­ратурнае краязнаўства Лідчыны». За ўвесь час сабралася, можа, чалавек 15, напры­канцы прыходзіў толькі 1 хлопчык, аднаму яму было цікава.

Раённы цэнтр турызму таксама займаецца краязнаўствам, рыхтуюць, напры­клад, турыстычную карту, літаратурную карту Лідчыны.

У.Г.: Хлопцы мясцовыя: патрэбнае краязнаўчае таварыства? Агульнае для краіны.

А.Х.: У нас ёсць мясцовае, яно працуе, дзякуючы «Лідскаму летапісцу». Я кі­рую літаратурным аб’яднаннем «Суквецце» пры райгазеце. На мой гур­ток збіра­юцца і краязнаўцы, усе дзеляцца сваімі знаходкамі. Яно ніяк не аформ­ле­нае.

І.П.: Я спрабую далучаць школьнікаў. Але да краязнаўства далучаюцца ў ста­рэй­шых класах, дзеці разумныя. Якія потым паступаюць і з’язджаюць. Гэта – праб­лема. Мы падрыхтавалі каля 50 навукова-даследчых працаў на розныя кон­курсы. З рэспубліканскіх апошнія 3 гады дыпломы прывозілі. Нават кніг з вучнямі мы напісалі 9. Апошняя – у сааўтарстве з Крысцінай Клянталь, вучаніцай 11 класа.

А.Б.: З вашых двух выступаў можна зрабіць сумную выснову, што ідэю нашага конкурсу «Славутыя імёны малой Радзімы» не будзе каму выкон­ваць? Акрамя нас з вамі, старых краязнаўцаў. Што, моладзь да гэтага не далу­чыц­ца? Тады нам з вамі трэба закасваць рукавы і далучацца?

У.Г.: Я некалькі дзён таму браў удзел у рэспубліканскім музейным форуме Цэнт­ра эка­логіі і краязнаўства, што пры Міністэрстве адукацыі. Там карцінка была зусім ін­шая. У нас за сталом усё-такі пэўны песімізм: і гэтага няма, і людзей няма, і дзя­цей зацікаўленых няма… Толькі 1 з 15 вучняў застаўся, каму цікава… А на гэтым фо­ру­ме ўсе да аднаго казалі: «Ды ў нас робіцца столькі… і музеі ўсе працуюць, марш­руты распрацоўваюць, і карты-схемы гістарычных месцаў робяцца, і славутыя імёны Бацькаўшчыны вывучаюць…». У мяне ўражанне, што мы з імі ў розных краях жы­вем. Краязнаўцы ў адным, а адукацыя ў другім. Я паверыў бы адукацыі, каб ха­ця адзін з настаўнікаў, які вядзе краязнаўчы музей, падпісаўся на «КГ». Ні адзін не пад­піс­ваецца. Ці падпісваюцца на «Звязду»? Ці пачуюць яны нас? Чаму так? Можа, там паказуха, а на самой справе ўсё не так? Але – каб была толькі паказуха, то не існа­ва­ла б 1500 школьных музеяў. Значыць, там ёсць зацікаўленасць. І не та­кая, як Алесь тут сказаў, што толькі адзін вучань застаўся краязнаўцам. Можа, мы неда­пра­цоўваем ў чымсьці самі? Але што ж на нас ківаць, мы на грамадскіх пачатках працу­ем, а там настаўнікі атрымліва­юць зарплату, і ім за яе трэба справазда­чу даць.

Мы за гэтым сталом неяк звужаем паняцце «мая малая радзіма». Кажам альбо пра выданне кніг, альбо пра ўспаміны, музеі. Для мяне малая радзіма – не толькі гэ­та. Адштурхнуся ад паняцця «агра­га­радкі». Як для мяне, аграгарадкі – смерць маёй малой радзімы. Не, яны, мабыць, захоўваюць спецыяліста-гаспадарніка, але – зніш­чаюць беларускасць. Заўсёды беларус стараўся пабудаваць свой дом з дрэва, а не з цэглы. Чаму? Вы адказ ведаеце. Аднойчы я прыехаў у Туркменістан, і мяне павез­лі ў госці да чалавека не вельмі багатага, але разумнага. У яго цагляны 2-па­вяр­хо­вы дом, а ў садку стаіць юр­та. «Для чаго, – пытаюся, – табе юрта?» – «А мы там усе жы­вем. Таму што гэта патрабуе наша генэтыка». – «А для чаго ты дом паставіў тады?» – «Для гасцей». Такое ўра­жан­не: у нас аграгарадкі існуюць для гасцей? Дрэваў каля хаты няма! Мы ўжо паўтараем Расію, дзе забы­лі­ся, што такое сады. Сябры, справа не толькі ў кніжках. Трэба, калі ка­заць пра радзіму, захаванне любові да яе, гля­дзець як мага глыбей. А гэта і гісторыя, і архітэктура… Нехта прыдумаў аграгарадкі, не папытаўся ні ў кога, ні ў эт­но­графа, ні ў гісторыка… Пабудавалі аграгарадкі з цэглы роў­нень­кімі шпалерамі – усё прыгожа, усіх падраўнялі пад адзін грабеньчык, паводле праграмы, невядома кім распрацаванай. Дзяржаўная праграма павінна аб’­яд­ноўваць усіх – Міністэрства культуры, Міністэрства адука­цыі, Акадэмію навук, твор­чыя саюзы, архітэктараў і гаспадарнікаў. Умовы павінна дыктаваць тэма Бела­русі, малой і вялікай Радзімы.

А.Б.: Сапраўды, малая радзіма – гэта не толькі края­знаўства. Давайце па­спра­буем расшыф­ра­ваць: а што павінна ўключаць паняцце «малая радзіма», каб рэалі­заваць гэтыя праекты больш шырока? Не толькі праз краязнаўства. Давай­це пафан­тазі­руем, калі няма рэальных прыкладаў. Што рабіць да Года малой ра­дзімы, каб гэтая тэма набыла больш шырокі рух, чым адно краязнаўства? Якія мо­гуць быць напрамкі?

Т.С.: Праблема, сапраўды, не новая, і не сёння да яе прыйшлі. Яшчэ ў 2016 г. быў надрукаваны ў «КГ» артыкул «Захаваем і ўшануем сваю малую радзіму», дзе мы звярталіся да чытачоў, да краязнаўцаў далучыцца да гэтага пректа. Мы прапа­ноў­валі і тыя накірункі магчымай дзейнасці па ўшанаванні, захаванні малой радзімы. Дзяржаўная праграма – не панацэя, гэта толькі адзін з крокаў. Што павінна зрабіць дзяржава? Дарогі, інфраструктуру. Але ёсць шэраг пытанняў, якія можа ініцыяваць і рэалізоўваць грамадства, грамадзяне. Мы тады і прапаноўвалі магчымыя пады­хо­ды. Складанне і выданне ілюстра­ва­ных картаў усіх населеных пунктаў, зніклых і існых, з кароткімі даведкамі, датамі іх заснавання… Канкрэтны праект для канкрэт­на­га рэгіёна. Ён рэальны, не патрабуе вялікіх сродкаў, але будзе мець важкі вынік. Устаноўка памятных знакаў і дошак, каплічак, прысвечаных гістарычным падзеям, вя­домым людзям, выхадцам з гэтых мясцінаў, зніклым вёскам. І такія прыклады, да­рэчы, ужо ёсць. Але мы кажам аб сістэме, што павінна быць паўсюдна. Добра­ўпа­рад­каванне прадметнага вызначэння мясцовых аб’ектаў гісторыка-культурнай спад­чыны, ства­рэнне мясцовых дабрачынных фондаў. Па тых жа Паставах. Колькі мы ўжо гаворым, што трэба ствараць фонд Тызенгаўза, які будзе апекавацца гэтымі аб’­ектамі разам з дзяржаўнымі арганізацыямі, органамі мясцовай ула­ды. Правя­дзен­не экспедыцыяў для напісання гісторыі, запісу ўспа­мінаў ста­рэйшых жыхароў. Фармаванне і стварэнне турыстычных брэндаў на базе цікавых мяс­цовых традыцыяў, народных калектываў, аб’ектаў і г.д. Стварэнне эт­на­графіч­ных музейных экспазіцыяў у мясцовых бібліятэках, у музеях. Таксама такія прыкла­ды ёсць. Але мы не можам сказаць, што паўсюль і ва ўсіх. Таксама ства­рэн­не мяс­цовых грамадскіх аб’яднанняў у форме зямляцтваў. Пакуль у Беларусі гэтая ідэя не атрымала свайго развіцця.

Як бачым, цэлы комплекс праб­лемаў, пытанняў, што могуць разам выра­шац­ца і будуць спрыяць найперш аб’яднанню старэйшых людзей, маладзейшых (тут пе­ра­сякуцца інтарэсы), аб’яд­нан­не працы грамадскіх і дзяржаўных арганізацыяў.

Але мы гаворым, што гэта павінна быць сістэ­ма. Яе няма, бо мы яшчэ не ма­ем поўнай інфармацыі, што робіцца на месцах. Задача конкурсу, што мы аб’яўляем, фармаваць банк дадзеных, які будзе даступны для ўсіх зацікаўленых, каб мы ма­глі абагульненую інфармацыю накіраваць тым жа мясцовым органам улады, каб яна ўба­чыла на прыкладах, што можна зрабіць у канкрэтным месцы, раёне. Таму аба­гуль­ненне такой інфармацыі і магчымасць карыстацца ўсім зацікаўленым будзе добрым штуршком, бо годны пры­клад заўсёды знойдзе сваіх паслядоўнікаў. Калі мы дба­ем, каб вёска адрадзілася, то хаця б часовую дарогу туды зрабіць трэба. Гля­дзіш, па ёй прыедзе зацікаўлены чалавек, а заўтра з’явіцца агра­ся­дзіба, і пачне ад­раджацца населены пункт. Вось рэальная перспектыва. Мы ўжо не вернем, напэў­на, былых жыхароў, іх нашчадкаў. Але калі прыедуць зацікаўленыя людзі, то будзе вы­датны прыклад і для мясцовых жыхароў. Гэта вялікі комплекс пытан­няў, дзе зной­дзецца працы кож­наму, у тым ліку, і нашым газетам. Безумоўна, роля і «КГ», і «Звяз­ды» – папулярызацыя найлепшага досведу, папулярызацыя найлепшых ініцыя­ты­ваў. Гэта тое, што мы мо­жам зрабіць. Каб заўтра яны сталі паўсюднымі, масавымі.

Задача нашага конкурсу «Славутыя імёны малой радзімы» – актывізаваць іні­цыятывы, стымуляваць гэтую працу. Спачатку задумвалася прыцягнуць больш шы­рокую колькасць удзельнікаў. Але потым вырашылі звузіць яго, каб мець большую выніковасць. Мы бачым яго як рэспубліканскі конкурс, што праводзіцца ў Год малой радзімы, і скіраваны на актывізацыю дзейнасці грамадскіх ініцыятываў у пошуку но­вых звестак пра вядомых выхадцаў з канкрэтных населеных пунктаў, дзеля ўшана­вання і папулярызацыі іх дзейнасці. Змест конкурсных працаў можа фармавацца праз збор матэрыялаў і напі­санне радаводаў славутых дзеячаў і знакамітых выхад­цаў канкрэтных рэгіёнаў, ства­рэнне кніг, падрыхтоўку хроніка-дакументальных філь­маў, радыё- і тэле­пера­дачаў, складанне памятных календароў, падрыхтоўку ілю­страваных альбомаў, прысвечаных вядомым землякам, збор фотаздымкаў пра іх і г.д. Устаноўка па­мят­ных дошак ці знакаў, каплічак, прысвечаных вядомым выхад­цам з гэтых мяс­цінаў, – таксама канкрэтная справа. Запісы старажылаў, успаміны ста­рэйшых жыхароў населеных пунктаў, стварэнне музейных экспазіцыяў і г.д. Гэта прыкладны пералік. Знойдуцца новыя падыходы, мы іх абавязкова залічым, і кон­курс­ная камісія будзе іх разглядаць. Могуць быць прадстаўленыя як рэалізаваныя (не раней 2017 г.), так і праекты, што знаходзяцца ў стане рэалізацыі, бо конкурс доў­жыцца цягам года. Ён будзе шырока асвятляцца на старонках газетаў «Звяз­да» і «Краязнаўчая газета», у рэгіянальных і мясцовых СМІ. Падача матэрыялаў кон­курсу будзе ажыццяўляцца да 31 снежня.

Таццяна Пятрова: Захаванне малой радзімы най­перш залежыць ад таго, на­колькі яна будзе засвоеная жыхарамі. Самы жывы пры­клад – разбурэнне брамы Ра­дзівілаў у Лідскім раёне. Гэты аб’ект не мае статусу гісторыка-культурнай каштоў­нас­ці, таму заканадаўчых рыча­гоў для яго захавання няма. Каментары райвыкан­кама: добра, мы яе наўмысна раз­бураць не будзем, але дачакаемся, калі разваліца натуральным шляхам. Каштоўнасць тады, калі яна каштоўная насамрэч, уну­тры нас. Для ўсіх, найперш – для жыхароў. Наколькі ведаю, раней у школах былі ўрокі па краязнаўстве. Цяпер гэтага не стае, дзецям бракуе ведання. Запытайцеся ў жы­ха­роў таго ж Лідскага ра­ёна, якія ведаюць помнікі свайго раёна, акрамя замка, фар­нага касцёла. А што ў Жыр­мунах тых жа, у Валеўцы?.. Не хапае якраз засваення мяс­цовымі жыха­рамі сваёй спадчыны. Па-першае, патрэбная адукацыя, урокі гіс­торыі не павінны абмяжоўвацца гісторыяй агулам. Аба­вяз­кова трэба хаця б раз на тыдзень, каб дзеці знаёміліся з гісторыяй сваёй малой радзімы, каб наведвалі гэтыя мясціны, каб суботнікі ладзіліся. Трэба ладзіць прыборкі не толькі на брацкіх могіл­ках, але і ў тых жа касцёльчыках, цэркаўках, рэштках сядзібаў. Трэба разумець, што кожны камень нясе ў сабе індэкс нашай ідэнтычнасці. Каб захаваць яе, трэба захоў­ваць павагу да гэтых аб’ектаў.

Наша моладзевае грамадскае аб’яднанне ў 2015 г. ладзіла ў г.п. Мір фэст «Я малюю гіс­торыю». Правялі экскурсію, дзе казалі, што Мір – не толькі замак. Дзеці ма­лявалі касцёл Св. Мікалая. Найлепшыя 6 працаў змясцілі на каляндарыках, па­да­ра­валі дзецям па 100 каляндарыкаў з іх малюнкам. Гэта таксама шлях засваення. Та­му, каб спадчына была засвоенай, трэба не толькі глядзець, ці нада­дзе­ны статус, а трэба ўсвядоміць, што ў помніка ёсць прэзумпцыя каштоўнасці. Ён каштоўны да той пары, пакуль не даказаная ягоная некаштоўнасць. І перад тым, як нешта раз­бу­рыць, знесці, мы павінны ўсвядоміць: кожны камень, што нясе гісто­рыю, – каштоўны.

Павел Каралёў: Літаральна пару словаў аб праблеме, што ёсць. Я згодны, што фактычна асноўная праблема – зверху: населеныя пункты занепадаюць, зніка­юць з мапаў. Праблема знізу – банальнае няведанне таго, што знаходзіцца по­бач. І дзе ключ для вырашэння? Падаецца, праблема ў тым, што людзі не сустрэліся з ты­мі, хто ім можа цікава распавесці. Цяпер такая сітуацыя: ёсць асобныя людзі, на якіх усё і трымаецца. Выйсце адно: каб мясцовае насельніцтва ма­гло даведацца праз асобу, праз пэўныя кнігі пра багацце, што гісторыя пакінула нам. Грамадскасць знай­шла свой шлях – «Фэст экскурсаводаў». Дзявяты год запар праводзіцца знач­ная колькасць экскурсіяў па розных месцах. Ініцыятары Беларускі камітэт ІКАМОС, БФК, Асацыяцыя гідаў і перакладчыкаў ды інш. Сёлета за 2 дні – больш за 70 экс­курсіяў па Мінску, больш за 60 – па рэгіёнах. Сёлета нават далучыліся беларусы замежжа.

Яшчэ адзін прыклад. Я вельмі люблю в. Сёмкава пад Мінскам, працаваў не­калькі гадоў на аднаўленні сядзібы. Там пабудавалі шматкватэрныя дамы для пра­цаўнікоў Свята-Елісавецінскага манастыра. Правесці экскурсію для тых, хто толькі па­ся­ліўся тут, запрасілі мяне. Навасельцы сабраліся з дзецьмі. Пасля экскурсіі рэак­цыя каласальная: чакаюць наступную, плануюць зладзіць суботнік па прыборцы.

Канкрэтныя прапановы. 1. У «КГ» і «Звяздзе» хаця б раз на тыдзень весці рас­по­вед пра кан­крэт­ных краязнаўцаў. Імі вельмі часта пагарджаюць, бо яны ходзяць, штосьці про­сяць, адстойваюць, за свае грошы друкуюць… Артыкул пра пэўнага ча­лавека з пэў­най мясцовасці: што ён зрабіў, прасунуў, што змянілася. Весці галерэю герояў малой радзімы. 2. Я цалкам падтрымліваю ідэю У. Гілепа – умоўна, працяг кні­гі «Памяць». У мяне продкі з Шумілінскага раёна, я перагар­таў том. Падаецца, па­він­на быць дзяржаўная праграма. На выхадзе можа быць прыгожая кніга славутых імёнаў па кожным раёне. Могуць быць прыкладзеныя і карты зніклых вёсак, пазна­ча­ныя святы, што адбываюцца ў гэтым раёне – усё павінна быць прапісанае ў праг­раме выдання. Каб выданне стала вельмі важным, каб быў гонар паказаць кнігу. І рас­паўсюдж­ва­лася б у раёне. Кніга «Памяць» добрая, ёй усе карыстаюцца, але бачаць, што яна патрабуе дапаўнення. 3. Можна зрабіць папуляр­ную ак­цыю. Лепш нават пачаць налета – распаўсюджваць інфармацыю аб мерапрыемствах, фес­тывалях аб малой радзіме. Няхай людзі даве­да­юцца, дзе іх малая радзіма, цікавяцца ў тым ліку праз сайты. 4. У нас няма, на жаль, агульнага краязнаўчага та­ва­рыства. Але ніхто нам не пера­шкаджае зрабіць каардынацыйны савет, каб збі­рацца якраз па гэтых справах.

Т.П.: І яшчэ вельмі важна для захавання спадчыны малой радзімы пераадо­лець інэрцыю комплексу непаўнавар­тасці. Мы павінны перастаць параўноўваць на­шы каштоўнасці з каштоўнасцямі све­ту. Бо калі я буду параўноўваць касцёл у Ліпіч­нах з Нотр-Дам-дэ-Пары, то безумоў­на мне падасца, што Ліпічна прайграе, а калі ўсвядоміць, што гэта маё і тым каш­тоўнае, што стаіць на маёй зямлі – тады пойдзе нейкі рух. Таму трэба пачаць пера­стаць параўноўваць.

А.Б.: Пытанне да мясцовых – ці існуе сёння раённае радыё? І тэлебачанне ра­ён­нае ёсць? Мне здаецца, што гэта тыя крыніцы нявыкарыстаныя, пра якія ка­за­ла Пятрова, для папулярызацыі. Гэта тыя сродкі, што могуць даваць інфар­мацыю апе­ратыўна, у параўненні з газетай. Калі б яны давалі мэтанакіравана гісторыю вёсак, сядзібаў, гэта было б тое, што ўваходзіла б у свядомасць адука­цый­ную не толькі праз школы. Тым больш, гэта было б і для дарослых, і для дзяцей.

І.П.: У нас запланавана, я ўжо ўдзельнічаў у перадачы пра малую радзіму.

А.Б.: Зноў жа, гэта трэба, каб было не толькі ў Год малой радзімы, каб бы­ла сіс­тэма, каб мы маглі хай сабе за 2 гады, за 3 паказаць увесь раён. І тыя ж знік­лыя вёс­кі, і што існуюць, і вядомых людзей – вядомых шырока ці толькі ў сваёй мясцо­васці.

І.П.: Мы з галоўным рэдактарам гаварылі, планавалі. У нас будзе такая су­стрэ­ча ў студыі, абмяркоўваем краязнаўчыя праблемы. Потым пройдзе цыкл пера­дачаў персанальна з краязнаўцамі ці аўтарамі краязнаўчых кніг.

А.Б.: Што да краязнаўчага таварыства, то сёння, вядома, яго стварыць мала рэальна, у сілу розных прычынаў. Трэба, каб нехта ахвяраваў сабой. Мо­жа, і мае рацыю Павел, калі казаў пра каардынацыйную групу ці савет. Па той жа малой ра­дзіме, але які мог бы сягнуць шырэй. Можа, гэтым мы здолелі б аб’яд­наць мясцовыя сілы для рэалізацыі праграмы «Мая малая радзіма». Сілы сёння ёсць, але яны раздробленыя, разрозненыя, і няма той мэтавасці і вядомасці, што магла б быць, каб нехта ў цэнтры цікавіўся, спрыяў і дапамагаў.

Т.П.: Паводле заканадаўства ў кожным раёне павінен быць каардынацыйны са­вет па ахове спадчыны; па-другое, яны павінны прымаць або праграму на некаль­кі гадоў па ахове спадчыны ў раёне, або план мерапрыемстваў на некалькі гадоў.

А.Б.: Малая радзіма – не толькі спадчына і краязнаўства. Прапановы?

Т.С.: Я пра выніковасць нашага круглага стала. Мы можам ад імя круглага ста­ла (а трэба, то і ад фонду культуры) накіраваць нашыя канкрэтныя прапановы. 1. Па мемарыяльнай дошцы Белакозу. Па Міністэрстве адукацыі – выдатныя прапановы, тым больш, можам спасылацца ўжо на досвед, што маецца. Аб увядзенні факуль­та­тыўных курсаў па краязнаўстве (са спасылкай на досвед школаў Пастаўскага раё­на). Думаю, міністэрства павінна прыняць гэтую прапанову, бо ім таксама трэба аба­зна­чыць свой удзел у рэалізацыі гэтага года. Што да Міністэрства інфармацыі, то перад круглым сталом была сустрэча з міністрам інфармацыі ў нашым фондзе, ён з цікавасцю паставіўся да ідэі круглага стала. Цяпер, лагічна, можам накіраваць яму прапановы, што прагучалі. Найперш па СМІ, аб увядзенні рубрыкаў, шырокай публі­кацыі матэрыялаў, тэмаў. Безумоўна, нейкі імпульс павінен пайсці і ад Мінінфар­ма­цыі. 2. Па кнізе «Памяць» трэба яшчэ добра падумаць, але ідэю трэба развіваць, бо яна вельмі ўдзячная і будзе рэалізоўвацца ўжо на падрыхтаванай глебе.

Калі мы гэта зробім, то нейкія канкрэтныя крокі, зрухі будуць. Што тычыцца ка­ар­дынацыйнага савета па краязнаўстве, напэўна, фонду культуры трэба ўзяць у свае рукі, бо ёсць «КГ». Пры БФК можна стварыць каардынацыйны савет, які стане спрыяць у бліжэйшай перспектыве стварэнню рэспубліканскага краязнаўчага таварыства. Па­трэба ў гэтым ёсць. Крокі да гэтага ў свой час былі зробленыя фондам, але, на жаль, ідэя на розных узроўнях не была падтрыманая. Можа, цяпер больш спры­яль­ны час, які дасць такую магчымасць.

У.Г.: Я ўсё ж вярнуся да таго, з чаго пачынаў. Лёс малой радзімы – праб­лема дзяр­жаўная, і грамадскасць, мы з вамі, можам толькі далучыцца да таго, што робіць дзяржава. Я бачу наступны крок: іні­цыяванне правядзення шырокай канфе­рэн­цыі, прысвечанай тэме малой радзімы, з удзелам міністэрстваў адукацыі, культуры, інфармацыі, аховы прыроды, творчых саюзаў, грамадскіх арганізацыяў, акадэміі на­вук, сродкаў інфармацыі. Але хто яе ініцыюе, акрамя нас? Каб гэта прагучала, пачу­лі і ўчулі. Такая канферэнцыя вельмі неабходная, пасля гэтага можна было б рэа­лі­заваць цэлы шэраг прапановаў, што тут гучалі. Інакш гэта можа заглохнуць. Вось гэ­тага не хацелася б.

А.Б.: Мне здаецца, яшчэ адзін рэсурс можна задзейнічаць. Наколькі я помню, прэзідэнт казаў, што павінны чыноўнікі, якія сёння тут, у цэнтры, не забывацца пра свае малыя радзімы. Калі сапраўды будуць не баяцца быць на сваёй малой радзіме арганізатарамі, не толькі каардынацыйны савет можа быць падтрыманы імі, а таксама акцыі, што робіць грамадскасць. Правільна сказана, што дзяржава павінна да іх далучыцца. Важна ствараць такія новыя праекты, якія дзяржава падтрымае. БФК мае такія прыклады, калі мы пачыналі, і сёння пад­тры­маныя, яны сталі дзяржаўнымі праектамі. І гэта было. Так што тут якраз можа быць працэс і той, і другі. Важна, каб не стаялі і не чакалі, хто першы скажа «мяў»… Бо не ў прыярытэце справа, а справа рэальнасці здзейсненага. І тое, што сёння нагаварылі, дай Бог, каб хаця частка таго была рэалізаваная. Па-другое, каб хаця частку гэтага пачулі, каму гэта патрэбна (і зверху, і знізу), і аб’яднаўшыся, рабілі ўсё, каб малая ра­дзіма не была малой па значэнні. Каб гэтая малая радзіма была сапраўды той знач­най падзеяй, якая даказвае, што мы, калі захочам, можам рабіць, і на прык­ла­дзе малой радзімы – вялікія справы. Мне здаецца, у гэтым сэнс Года малой радзімы.

 Да друку падрыхтавалі Уладзімір ГІЛЕП і Уладзімір ПУЧЫНСКІ

Фота Уладзіміра ПУЧЫНСКАГА

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам