Рэгіён Вандроўкі па рэгіёнах

Вандроўкі па рэгіёнах

-

- Рэклама -

Край славутых пісьменнікаў і разбураных храмаў

 У канцы лета мінулага года мне давялося зноў павандраваць з падарож­ні­кам, фатографам, мастаком Уладзімірам Цвіркам. Тым разам мы выправіліся ў найбольш аддаленыя раёны Магілёўшчыны: Крычаўскі, Клімавіцкі, Касцюковіцкі, а на зваротным шляху планавалі наведаць таксама Чэрыкаўскі і Слаўгарадскі раё­ны. Некалі французскі пісьменнік Анатоль Франс сказаў: «Часам адзін дзень, пра­ведзены ў іншых месцах, дае болей, чым дзесяць гадоў жыцця дома», а амеры­канскі пісьменнік Марк Твэн сцвярджаў, што «самы верны спосаб даведацца, па­дабаецца табе чалавек ці не – гэта паехаць з ім падарожнічаць». Раней я двойчы падарожнічаў з У. Цвіркам і ўпэўніўся, што з ім, цікавым суразмоўцам і добрым ва­дзі­целем, можна выправіцца нават на Паўднёвы полюс, таму з вялікай радасцю пагадзіўся суправаджаць яго ў паездцы ў якасці памочніка. А паколькі ў дарозе я яшчэ і звяраўся з картай, то выконваў таксама і ролю навігатара або штурмана.

Першым нашым прыпынкам стаў старажытны горад Крычаў, які ўпершыню згадваецца ў 1136 г. пад назвай Крэчут. У пачатку XVII ст. маскоўскія захопнікі спалілі горад і амаль усіх жыхароў гвалтоўна вывезлі ў Масковію. У канцы XVIII ст. расійская імператрыца Кацярына ІІ падарыла горад і староства графу Пацёмкіну. Тут пачала працаваць суднаверф, а для суднаў вырабляліся ветразі. Крычаўскія судны па рацэ Сож, затым па Дняпры сплаўляліся ў Чорнае мора і такім чынам папаўнялі расійскі флот.

Крычаў упрыгожвае палац Пацёмкіна і Галынскіх, які будаваўся 9 гадоў (1778 – 1787). Нашую ўвагу прыцягула і драўляная Свята-Мікалаеўская царква, пабудаваная на высокім беразе ракі Сож у 1838 г. на месцы старажытнага касцёла Святога Еліяша. Пакроўская драўляная царква пасля вайны была перанесеная з вёскі ў Крычаў. Яе святар зрабіў заўвагу У. Цвірку за тое, што ён фатаграфаваў царкву з вуліцы без яго дазволу. Мы ўспомнілі амаль аналагічны выпадак у Жлобіне, калі дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея сказала, што мы не маем права здымаць будынкі ў горадзе без дазволу райвыканкама, і патэлефанавала туды. Пільныя, аднак, некаторыя нашыя суграмадзяне.

Горад Клімавічы ўпершыню згадваецца ў XIV ст. Адзін з прыгажэйшых у Беларусі геральдычны сімвал «у блакітным полі залатая пчала» быў нададзены гораду ў 1781 г. З архітэктурных помнікаў увагу прыцягвае Свята-Міхайлаўская царква – помнік архітэктуры позняга класіцызму, пабудаваная ў 1867 г., а таксама помнік драўлянага дойлідства – сядзібны дом князёў Мяшчэрскіх (1867), у якім цяпер размяшчаецца раённы краязнаўчы музей. У Клімавічах нарадзілася мовазнаўца Валянціна Маслава, у Клімавіцкім раёне – паэты Мікола Салаўцоў і Клім Грыневіч.

З Клімавічаў мы праехалі па тэрыторыі раёна ўздоўж мяжы з Расіяй. У вёсцы Мілаславічы дзейнічае цагляная Свята-Пакроўская царква, пабудаваная ў 1866 г. Некалі расійскі імператар Аляксандр III падарыў царкве ікону Хрыста Збаўцы. На­вед­ванне вёсак Галічы, Дубравіца, Судзілы, Родня нас глыбока засмуціла. Ад царкоўных будынкаў засталіся руіны. За гады савецкай улады храмы былі разра­ба­ваныя, ператвораныя ў склады ўгнаенняў, зерня, у выніку чаго прыйшлі ў поўную непрыдатнасць і пачалі разбурацца. Крыху лепшы лёс выпаў храмам у гарадах: іх ператваралі ў клубы, у адміністрацыйныя будынкі, а часам у турмы, і таму яны зберагліся. Мне давялося пад час працы геолагам наведваць заходнія раёны Беларусі, якія да 1939 г. знаходзіліся пад Польшчай. Найперш кі­даецца ў вочы, што ні праваслаўныя, ні каталіцкія храмы, ні старажытныя сядзібы не зведалі разбурэння. Польскія ўлады аказаліся больш дбайнымі гаспадарамі, чым бальшавікі, якія нішчылі ўсё, а святароў і іхнія сем’і расстрэльвалі ці ссылалі ў паўночныя рэгіёны Расіі.

Гарадскі пасёлак Хоцімск, дзе мы сабрался пераначаваць, – самы аддалены раённы цэнтр у Беларусі. Упершыню згадваецца ў 1709 г. як мястэчка Хоцімль. Тут сваёй прыгажосцю ўражвае Свята-Троіцкі сабор, пабудаваны ў 1873 г., помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Уваход на тэрыторыю сабора ўпрыгожвае белакаменная трохарачная брама. З 60-х да 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў будынку сабора размяшчаўся раённы Дом культуры. Самая ўсходняя на тэрыторыі Беларусі невялікая драўляная царква Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы знаходзіцца на мясцовых могілках. Некалі ў Хоцімску існавалі таксама касцёл і кляштар бернардзінцаў, царква Нараджэння Багародзіцы. Яны зніклі.

Непадалёк ад Хоцімска, у вёсцы Трасціно, знаходзіцца цагляная Мікалаеўская царква, пабудаваная ў 1861 г. У. Цвірка сцвярджае, што гэтая царква, як і шмат іншых на тэрыторыі Беларусі, была пераробленая з касцёла. Такія неправамоцныя дзеянні царскага ўрада атрымалі асабліва шырокі маштаб пасля паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. На Хоцімшчыне, у в. Альшоў, нарадзіўся пісьменнік Пятро Прыходзька.

 Непадалёк Касцюковічаў знаходзіцца адна з старажытнейшых вёсак гэтай мясцовасці – Канічы, дзе некалі была сядзіба Ціханавецкіх. Пры ўездзе ў вёску – руіны бровара, пабудаванага з чырвонай цэглы ў 1914 г. Крыху далей – руіны не­калі велічнага цаглянага касцёла, пабудаванага ў пачатку ХХ ст., на сценах якога звіў гняздо бусел. Была ў вёсцы і драўляная царква Нараджэння Багародзіцы (1863), ад якой таксама засталіся толькі руіны. У Канічах нарадзіўся пісьменнік Васіль Хомчанка.

Наступным аб’ектам нашых даследаванняў была вёска Гаўрыленка, у якой мы ўбачылі руіны некалі прыгожай Свята-Пакроўскай царквы (1863), а на вясковых могілках – руіны капліцы-пахавальні, пабудаванай у 1870-я гг.

Пакінуўшы Гаўрыленку і пераехаўшы па мосце праз Бесядзь, мы апынуліся каля вёскі-прывіда Саматэвічы. Там, дзе некалі віравала жыццё, дзе існавала вёска з больш чым 2 000 жыхароў, цяпер цісне вушы цішыня, шумяць толькі вяршынямі дрэвы там, дзе былі хаты. Нават пагоркі над дамамі, пахаванымі пасля Чарнобыльскай катастрофы, губляюцца сярод дрэваў. Адзіная прыгажосць на месцы былой вёскі – гэта велічны будынак Свята-Троіцкай царквы, якая будавалася цягам 1835 – 1842 гг. Жахлівае ўражанне засталося ад таго, што мы ўбачылі ўнутры. Вандалы сарвалі царкоўную падлогу, вырвалі «з мясам» прыгожыя металічныя агароджы. Пад царквой, у былой крыпце, усё было пашкоджана і валяліся косці некалі пахаваных тут святароў. Напэўна, істоты, якіх цяжка назваць людзьмі, шукалі тут скарбы.

У Саматэвічах нарадзіўся народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў. На месцы, дзе была хата Куляшовых, стаіць мемарыяльны камень-помнік.

Непадалёк Саматэвічаў знаходзіцца пахаваная вёска Мокрае. У ёй нара­дзіўся пісьменнік Масей Сяднёў, а ў вёсцы Саматэвічы ён скончыў сямігодку. Быў рэпрэсаваны і сасланы на Калыму, у пасляваенныя гады жыў у ЗША, а пасля рэ­абілітацыі ў 1992 г. наведваў Беларусь. М. Сяднёў – аўтар рамана «Раман Кар­зюк», выдаць кнігу яму дапамог наш суайчыннік – вучоны Барыс Кіт. На маёй кніжнай паліцы стаіць цікавая кніга Сяднёва «Масеева кні­га», у якой змешчаныя ўспаміны, эсэ, старонкі дзённіка аўтара. Памёр ён у ЗША ў 2001 г.

Абапал дарогі з Касцюковічаў у Чэрыкаў на месцах, дзе некалі былі вёскі, цяпер ляжаць камяні-помнікі, якія нагадваюць, што тут была вёска Малінаўка, Вепрын… Аб гэтым нагадвалі і яблыні, і кветкі на месцах, дзе некалі стаялі хаты. Сумнае відовішча… Калі здарылася катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, радыяцыйныя хмары плылі на Расію. Аднак з Масквы быў адданы загад, і лётчыкі «пасадзілі» гэтыя хмары над Гомельшчынай і Магілёўшчынай.

У Чэрыкаве, які ўпершыню ўпамінаецца ў 1460 г., дзейнічае царква Нараджэння Багародзіцы, што знаходзіцца ў дарэвалюцыйным будынку, а касцёл быў прыстасаваны пад клуб. Чэрыкаў – радзіма пісьменніка, сцэнарыста, журналіста Віктара Карамазава.

Старажытны Слаўгарад, размешчаны ў маляўнічым месцы, дзе рака Проня ўпадае ў Сож, упершыню ўпамінаецца ў 1136 г. Горад упрыгожвае царква Раства Прасвятой Багародзіцы, пабудаваная ў 1791 – 1793 гг. князем Галіцыным у стылі класіцызму. Збераглася і прыходская школа, пабудаваная ў XVІІІ ст.

Напрыканцы мы заехалі ў вёску Лясное Слаўгарадскага раёна, дзе ўзвышаецца велічны Свята-Петра-Паўлаўскі храм-помнік, пабудаваны ў гонар 300-годдзя перамогі рускіх войскаў над шведамі ў 1708 г. пад час Паўночнай вайны. Лясное стала апошнім пунктам чарговай нашай вандроўкі. Праз месяц мы з У. Цвіркам выправіліся ў наступнае падарожжа.

 Лявон ЦЕЛЕШ, г. Дзяржынск

Фота аўтара

(Цалкам чытайце ў №№ 10 і 11 “Краязнаўчай газеты”)

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам