5 кніг – 5 манументаў памяці
Ёсць падзеі, якія не выкрэслівае час. Сярод іх – перамога над фашызмам. Сёння памяць пра тыя часы – такое жа поле бою, як баявы плацдарм ў гады вайны.
Бярэзінская цэнтральная раённай бібліятэкай разам з раённым Саветам ветэранаў і рэдакцыяй раённай газеты «Бярэзінская панарама» падрыхтавала цыкл выданняў, прысвечаных подзвігу бярэзінцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. 5 гэтых кніг сталі своеасаблівымі манументамі памяці. Ход Вялікай Айчыннай вайны можна прасачыць праз біяграфіі салдатаў-бярэзінцаў.
У армію было мабілізавана больш за 5 тысячаў бярэзінцаў, загінуў кожны 2-і, кожны 3-і вярнуўся з вайны інвалідам. Найвышэйшая салдацкая доблесць адзначалася ордэнам Славы, маюць гэтую ўзнагароду і нашыя землякі. 7 з іх – двойчы ардэнаносцы, адзначаныя ордэнамі 2-й і 3-й ступені. Сярод іх – Ігнацій Цісецкі з в. Асмолаўка, мінёр-разведчык, сапёр. Пад час атакі першым уварваўся ў варожы бліндаж, знішчыў 15 салдатаў праціўніка, узяў у палон 6 немцаў і унтэр-афіцэра (атрымаў ордэн Славы 3-й ступені). Першым фарсіраваў раку Одэр і прыкрываў пераправу асноўных падраздзяленняў савецкіх войскаў (адзначаны ордэнам Славы 2-й ступені).
Дзве сусветныя вайны паласавалі лёс ураджэнца в. Жорнаўка Васіля Шагойкі, кавалера Георгіеўскага Крыжа і ордэна Славы.
Ордэны «За абарону Масквы» ўпрыгожылі грудзі 27-і нашых землякоў, а Пётр Крыварот стаў удзельнікам парада Перамогі ў Маскве ў 1945 г.
Варта ўзгадаць эпізод з біяграфіі яшчэ аднаго нашага земляка, удзельніка зняцця блакады і вызвалення Ленінграда. Іван Кубар з экіпажам танка апынуўся ў акружэнні фашыстаў. Асколак варожага снарада пашкодзіў хадавы механізм машыны, заклінавала башню. Тады танкісты знялі кулямёт, выйшлі з танка і занялі кругавую абарону. За гэты подзвіг члены экіпажа былі ўзнагароджаныя ордэнамі Чырвонага Сцяга. Пазней да ўзнагароды І. Кубара дадаўся медаль «За абарону Ленінграда» і ордэны Славы, Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны.
У верасні 1942 г. 300-тысячная гітлераўская армія падышла да Сталінграда. Штурм доўжыўся 6 месяцаў. Змагаўся там і ўраджэнец в. Віляціна Аляксандр Якімчык. Сталінградскія старонкі яго біяграфіі адзначаныя ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «За абарону Сталінграда». Разведчык і наводчык гарматы радавы Якімчык выяўляў варожыя мінамётныя батарэі і даваў каардынаты нашым артылерыстам.
Не менш гераічна змагаліся з ворагам бярэзінскія партызаны. Наш зямляк з в. Пагост Міхаіл Жукоўскі ў ліку першых партызанаў Савецкага Саюза быў ўзнагароджаны ордэнам Леніна. У ліпені 1941-га ён з невялікім атрадам разграміў камендатуру, вузел сувязі і склады праціўніка ў акупаваным Слуцку.
Кавалер ордэна Чырвонага Сцяга Канстанцін Афанасевіч – чалавек-легенда, яго імя носіць вуліца ў Беразіно. Камандзір партызанскай дыверсійнай групы на самалёце быў перакінуты праз лінію фронту ў Налібоцкую пушчу. На яго асабістым рахунку 17 падарваных варожых эшалонаў і мастоў, дзясяткі прадуманых да дробязяў складаных аперацыяў партызанскай брыгады імя М.І. Калініна Баранавіцкага злучэння.
Бясспрэчны факт: у нашай Перамогі – жаночы твар. На франтах Валікай Айчыннай ваявала больш за 1 млн савецкіх жанчынаў ад 15 да 30 гадоў. Матросам Балтыйскага флоту служыла Антаніна Семяняка. Курсант Разанскага ваеннага пяхотнага вучылішча імя К.Я. Варашылава беларуска Любоў Любчык у элегантнай форме паручніка Войска Польскага –камандзір узвода аўтаматчыкаў – прыступіла да падрыхтоўкі юных патрыётак. У складзе 1-й Польскай арміі ўдзельнічала ў аперацыях на Вісле і Одэры. У баях за Варшаву камандавала ротай. Пасля вайны афіцэр запасу Савецкай Арміі і Войска Польскага Л. Любчык прыехала на радзіму мужа – ў в. Перавоз Бярэзінскага раёна.
Аперацыя «Баграціён» па вызваленні Беларусі выявіла новых герояў. Наш зямляк Іван Жураў вызваляў Гомель і Мазыр, медалём «За адвагу» адзначаны ў баі за Пінск.
Наш гарадскі пасёлак на рацэ Бярэзіне быў вызвалены 3 ліпеня 1944 г. 42-й стралковай дывізіяй 69-га корпуса пад камандаваннем генерал-маёра Мікалая Мультана. Тады ж у шэрагі корпуса ўліўся 20-гадовы юнак з-пад Барысава Аляксей Пухавы, які дайшоў да Усходняй Прусіі і штурмаваў непрыступную цытадэль фашыстаў – г. Кёнігсберг. Сяржант Пухавы, камандзір разліку стралковага мінамётнага палка, кавалер ордэна Славы, на ўсё жыццё запомніў 140-кіламетровыя пераходы па вясеннім бездарожжы з 40-кілаграмовымі скрынкамі з мінамі на плячах, 2-гадзінныя авіяштурмы, ад якіх дрыжэла зямля. Асколак снарада зрэзаў край шыняля А. Пухавога, а наш зямляк застаўся жывым. Вярнуўшыся на радзіму ў 1947 г., былы сяржант усё жыццё пражыў у Беразіно на вуліцы імя Героя Савецкага Саюза, які вызваляў райцэнтр.
Апошнім плацдармам Другой сусветнай вайны была Японія. Удзельнікі баёў на Далёкім Усходзе былі дэмабілізаваныя толькі ў 1950 г. Украінец Васіль Карпінскі і беларус Мікалай Крыварот сустрэліся і пасябравалі на Бярэзіншчыне. У гады вайны служылі ў адной арміі, ехалі на Усход у адным вагоне, ішлі стэпамі Манголіі да мяжы Кітая…
38 афіцэраў з Бярэзіншчыны знаходзіліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны з першага і да апошняга дня. 5 з іх дайшлі да Берліна, 4 абаранялі Маскву, 3 – Ленінград, 3 удзельнічалі ў Сталінградскай, 1 – у Курскай бітвах, 3 – у разгроме Японіі, 1 – у вызваленні Кітая.
Ураджэнец Беразіно Сяргей Ігнатовіч да вайны служыў у горна-кавалерыйскай дывізіі ва Узбекістане, прайшоў курсы афіцэраў у Туркменістане. У вайну камандзіру ўзвода палкавой дывізіі давялося зведаць горкі лёс вязня фашысцкага канцлагера пад № 11265. Пасля вайны гісторык па адукацыі С. Ігнатовіч стварыў у бярэзінскай СШ № 1 музей баявой славы. У 1970 – 1980-я гг. яго наведнікамі сталі героі вайны, іх родныя і блізкія – ураджэнцы Беларусі, Расіі, Польшчы, Кітая…
Бярэзінскі раённы цэнтр культуры, бібліятэкары і актывісты ветэранскага руху ладзілі прэзентацыю гісторыка-краязнаўчых кніг з удзелам ветэранаў вайны і іх сваякоў, мясцовай інтэлігенцыі, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, моладзі прызыўнога ўзросту. Была прадстаўленая партрэтная галерэя землякоў – кавалераў ордэна Славы, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны, выстаўка экспанатаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, відэафільм паводле матэрыялаў гэтых выданняў.
Тамара КРУТАЛЕВІЧ, загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦРБ
(Цалкам артыкул надрукаваны ў №№26-27 “Краязнаўчай газеты”)