Вёска Ражкоўка знаходзіцца ў Камянецкім раёне, уваходзіць у склад Дзмітравіцкага сельсавета, лічыцца за саўгасам «Белавежскі». Жыве тут менш за сто чалавек, усе пенсіянеры. Па канфесійнай прыналежнасці амаль усе жыхары праваслаўныя.
Паводле В. Жучкевіча назва паселішча паходзіць ад словаў рожок-уголок, угол, і звязаная яна з ландшафтам, бо вёска прымыкае да Белавежскай пушчы, з усіх бакоў яе знаходзіцца лес, яна нібы як клін сярод лесу. І акрамя асноўнага занятку людзі традыцыйна займаюцца тут збіральніцтвам. Уся вёска – гэта дзве вуліцы працягласцю ў кіламетр. Паралельна цэнтральнай сцелецца моцная дарога – «машчонка», пракладзеная яшчэ ў 1930-я гг.
Некаторыя хаты ў вёсцы захаваліся яшчэ з пачатку мінулага стагоддзя. Ёсць тут і ўнікальнае з’ява – курная хата з комінам у сцяне (год пабудовы – 1837-ы). На жаль, яна захавалася дрэнна, але Нацыянальны парк «Белавежская пушча» ахоўвае яе і пазней плануе зрабіць рэканструкцыю з мэтай музеефікацыі.Чытаць далей…
Яшчэ адна каштоўнасць у вёсцы – царква, пабудаваная ў гонар іконы Казанскай Божай Маці ў 1942 г. у традыцыях народнага драўлянага дойлідства. Частка іканастаса захавалася ад храма, які знаходзіўся ў вёсцы Белая, што за 14 кіламетраў ад Ражкоўкі.
Адметнасцю, што характарызуе гістарычную памяць ражкоўцаў, з’яўляецца аповед пра цудоўнае выратаванне жыхароў вёскі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Практычна ўсе людзі, якія сёння жывуць тут, ведаюць яго і лічаць важным для сваёй лакальнай ідэнтычнасці. У цэнтры гэтага аповеду матыў з’яўлення Божай Маці.
Пад час вайны немцы спалілі вёску Белая і храм у ёй. Жыхары блізкай Ражкоўкі звярнуліся да мясцовага нямецкага камандавання з просьбай аб будаўніцтве храма ў іх вёсцы. Была тут і стратэгічная задача ў старасты вёскі Дарафея Пратасевіча і яго намесніка Антона Пратасевіча – будаўніцтвам царквы адцягнуць увагу акупантаў ад мясцовых жыхароў, якія дапамагалі партызанам.
Знайшоўся ў вёсцы вялікі драўляны дом лясніцтва на каменным падмурку. Яго пашырылі, адгарадзілі алтарную частку і ўзвялі купал. Так атрымаўся храм даўжынёй 16 і шырынёй 8,5 м. Царкву пафарбавалі ў блакітны колер.
А цяпер перакажам асноўны сюжэт аповеду.
У Ражкоўку часта прыходзілі групамі партызаны. Іх кармілі, давалі вопратку, абутак. Натуральна, што інфарматары аб гэтым дакладвалі сваім гаспадарам, якія нават накіравалі шпіёна пад выглядам тэхніка-будаўніка. Вось так у гітлераўцаў склалася ўражанне аб лаяльнасці ражкоўцаў да народных мсціўцаў. 28 верасня 1942 г. а 5-й гадзіне ўсю вёску запоўнілі немцы. А 6-й усіх жыхароў выгналі з дамоў і сталі правяраць па спісе, каб ніхто не ўцёк да партызанаў. Мужчынаў прымусілі капаць яму. Прыехала вельмі шмат машынаў, і маладых людзей рыхтавалі для адпраўкі ў Германію на працу. Людзі з суседніх вёсак пачалі прыязджаць, каб хоць дзяцей забраць да сябе. Немцы чаплялі ім на левую руку белыя павязкі, каб адрозніваць ад асноўнай масы.
Калі мужчыны выкапалі яму, усіх жыхароў сагналі на ўскраіну вёскі для расстрэлу. У 8-й гадзіне нечакана ў вёсцы прызямліўся самалёт. Лётчык-афіцэр выскачыў з яго і папрасіў у карнікаў адтэрміноўкі пакарання да больш дэталёвага ўзгаднення з кіраўніцтвам. Ён паляцеў у штаб, дзе яму ўдалося дамагчыся адмены прысуду, і вярнуўся ў вёску ўжо з памілаваннем. Афіцэр потым распавядаў, што ў той дзень яму раптам з’явілася Дзева Марыя, якая стаяла ў небе ва ўвесь рост, і загадала яму заступіцца за асуджаных.
Усіх людзей адпусцілі, але загадалі не закопваць яму, каб людзі памяталі, што за сувязь з партызанамі іх могуць у любы момант расстраляць. Па заканчэнні будаўніцтва той афіцэр прылятаў у Ражкоўку на асвячэнне храма. Ён падарыў царкве абраз, выкананы нямецкім салдатам паводле пратэстанцкай традыцыі ў выглядзе расфарбаванага барэльефа, які і цяпер знаходзіцца ў храме.
Дадамо толькі, што царква ў гонар іконы Казанскай Божай Маці занесеная ў нацыянальны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а абраз Ражкоўскай-Збавіцелькі цудадзейным чынам абнаўляецца, і да яго прыязджае шмат людзей не толькі з Беларусі.
Антаніна КАЗЛОВА, студэнтка БДУКіМ