Рэгіён Юныя літаратары Полаччыны пра малую радзіму

Юныя літаратары Полаччыны пра малую радзіму

-

- Рэклама -

«Зямля бацькоў – мая зямля» – так называўся адкрыты раённы літаратурны конкурс, прысвечаны Году малой радзімы, 100-годдзю абвяшчэння БССР і 75-годдзю Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, арганізатарамі якога выступілі Полацкі раённы Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культураў і народнае літаратурнае аб’яднанне «Наддзвінне».

Юныя таленты з Полацкага раёна, гарадоў Полацка і Наваполацка праявілі вялікую цікавасць да конкурсу і актыўна дасылалі свае творы на ўдзел у ім. Конкурс праводзіўся па намінацыях «Проза» і «Паэзія», на беларускай і рускай мовах паасобку, у трох узроставых катэгорыях.

У пранікнёных паэтычных і празаічных радках школьнікі і навучэнская моладзь шчыра выказалі свае думкі і пачуцці па зададзенай тэме. Радасна за маладое пакаленне, неабыякавае да лёсу сваёй краіны. Найбольш выразна прадэманстравалі любоў да малой радзімы празаікі, асабліва «беларусісты».

Вось, напрыклад, твор Анастасіі Громавай, вучаніцы 9 «Б» класа полацкай СШ № 18 імя Ефрасінні Полацкай, які хочацца прывесці цалкам.

 Любімы куточак зямлі

 Выйшла з цягніка і бягу знаёмай сцежкай. Да вёскі напрасткі тры кіламетры, а па дарозе трэба даць круг у пяць. Адразу за чыгуначнай станцыяй пачынаецца невялічкі лясок. У ім немагчыма заблукаць, бо ведаю тут амаль кожнае дрэўца. Сюды летам бегаюць дзеці па чарніцы, восенькімі ранкамі спяшаюцца вяскоўцы, каб назбіраць грыбоў на жаронку (так звыкла называюць яны смажаную бульбу з грыбамі). А я люблю фатаграфаваць усю прыгажосць прыроды. Уяўляеце? Адно імгненне – і малюнак прыроды становіцца вечнасцю. А потым вечарамі гартаеш фотаздымкі і назіраеш змены пораў года: зіма, вясна, лета, восень… А за акном лета.

Вось перабягаю масток праз Прудавое. Гэта не рэчка, проста глыбокая канава. Калі была зусім маленькая, марыла пабудаваць карабель і падарожнічаць па вялізных, як мне тады здавалася, водных прасторах.

Недалёка ад вёскі стары млын. Як напамінак пра маё даследаванне гэтага незвычайнага збудавання – шрам на руцэ. У пяць гадоў я, нястомная вандроўніца і шукальніца прыгодаў, звалілася тут з лесвіцы. Наклалі пяць швоў.

Да бабулі ў вёску я бягу заўсёды з задавальненнем, стараючыся праводзіць тут усе вольныя дні і канікулы. Тут усё роднае і знаёмае. Я нарадзілася ў вёсцы, тут жыла да сямі гадоў. А потым бацькі вырашылі, што трэба пакідаць «неперспектыўную» вёску, аддаць мяне ў самую лепшую гарадскую школу, на бальныя танцы, запісаць на вакал. Яны мяне вельмі любяць і хочуць, каб я мела ў будучым модную прафесію (юрыста ці праграміста, не інакш).

Бабуля ўжо чакае мяне каля весніцаў. Радуецца, аж слязінкі шчасця пацяклі па шчацэ. У нас шмат планаў: трэба вырваць пустазелле, што ўзнялося ў бульбе, паліць агуркі, назбіраць травы для трусоў. А потым мы пойдзем збіраць лекавыя расліны. Бабуля раскрывае сакрэты прыгатавання настояў з лекавых траваў, рэцэпты прыгатавання смачнай гарбаты з зёлак.

Я люблю зямлю і ўсё, што расце на ёй. Кожная травінка мае свой характар, раскрывае сакрэты росту. Толькі трэба навучыцца іх пазнаваць. І я навучуся. Я цвёрда вырашыла, што пасля заканчэння школы буду паступаць у сельскагаспадарчы ўніверсітэт і стану аграномам. Я хачу вярнуцца на сваю малую радзіму, у свой дом і дом маіх бацькоў і бабулі, у «неперспектыўную» вёску. І мне здаецца, неперспектыўнай яе назваць ні ў якім разе нельга, бо перспектыўнасць ці неперспектыўнасць любога месца вызначаюць толькі людзі, якія там жывуць.

Бабуля, дачакайся мяне, калі ласка!

***

А вось урыак з эсэ «Зямля бацькоў – мая зямля» вучаніцы той жа школы Кацярыны Дударавай: «…для мяне дзяцінства пахне вёскай. Не верыце? А гэта так. Калі я яшчэ не хадзіла ў школу, я амаль увесь час праводзіла ў бабулі ў вёсачцы. Мама шмат працавала. Яе бясконцыя камандзіроўкі, планы і справаздачы перашкаджалі нам быць разам. Але я ні ў якім выпадку не крыўджуся, бо гэта дазволіла мне спазнаць увесь свет вясковага жыцця…

Вёсачка мае вельмі прыгожую, на мой погляд, назву – Слабада…

Не толькі вёсачка зачароўвае прыгажосцю, але і навакольныя мясціны. Непадалёк вёскі працякае рачулка Струнка. Яна ўпадае ў Дзвіну. Летам, стомленыя пасля працы на агародзе, мы хадзілі туды купацца. Луг, які пачынаецца амаль каля хаты, запрашае палюбавацца хараством кветак. Рамонкі, званочкі, васількі, піжма, святаяннік… Мне больш за ўсё падабаюцца рамонкі. У вянку з гэтых кветак адчуваеш сябе прыгажуняй-нявестай…».

***

А Цімафей Леднік з Наваполацка любіць свой горад за тое, што ў яго ёсць душа: «Здаецца, звычайны горад, якіх шмат у нашай краіне, і жыхары ў ім самыя што ні на ёсць звычайныя. Але гэта ўсё толькі на першы погляд. Пражыўшы тут нейкі час, я зразумеў, што гэты горад жывы, у яго ёсць душа. Ён, як і чалавек, мае свой лёс. Калісьці нарадзіўся, быў маленькі і слабы. З цягам часу, падрастаючы, мужнеў і набываў якасці сапраўднага дарослага горада.»

***

Вершы пра Наваполацк як пра сваю малую радзіму напісалі Аляксандра Рыжанкова і Эльвіра Мурзіч. А Улляна Яфімава так прыгожа апісала роднае Ветрына, што яе верш заняў 1-е месца на рускай мове ва ўзроставай катэгорыі 11 – 13 гадоў. На беларускай мове 1-е месца было прысуджанае вучаніцы полацкай СШ № 8 Серафіме Калтухінай за верш «Бацькаўшчына»:

Бацькаўшчыны роднай

Што ёсць даражэй?

Тут народ лагодны,

Неба прыгажэй.

Ёй і даражыце –

Край адзін такі,

Дзе сінеюць ў жыце

Кветкі – васількі.

Бусел – птах чароўны –

Селіцца штогод:

Любіць памяркоўны,

Добры наш народ.

Птушцы не патрэбен

За мяжою рай,

Лепш кружыць у небе,

Дзе бацькоўскі край.

А навапалачанка Валерыя Смірнова пачала свой верш такімі радкамі: «Поклон вам низкий, ветераны, От всех живущих на земле…». У вершы «Памолімся за тых» Арсеній Супрановіч з полацкай гімназіі № 1 заклікае:

Памолімся за тых, 

Хто мір абараніў,

Хто ў светлае жыццё

Нам дзверы адчыніў.

 

Хто падарыў блакіт,

Садоў вясновы дым,

Хто нас прыкрыў сабой,

Загінуў маладым.

Аднадушна члены журы прысудзілі 1-е месца Глебу Мялешку за па-майстэрску напісанае апавяданне «Я хочу жить»  з Фарынаўскай дзіцячага сада – сярэдняй школы Полацкага раёна.

Асабліва эмацыянальнымі атрымаліся творы, дзе вучні пісалі пра Вялікую Айчынную вайну ў лёсе сваёй сям’і – адчуваецца, што памяць пра сваіх родных перадаецца з пакалення ў пакаленне. Як, напрыклад, у эсэ «Гісторыя прадзеда» вучня полацкай СШ № 10 імя У.М. Азіна Юрыя Крупяльніцкага ці вучаніцы наваполацкай СШ № 14 Амеліі Андронавай «Мой прадедушка – герой!»

Вельмі кранальна распавяла пра маленькага хлопчыка з іх сям’і, які загінуў героем, Улляна Андрэйчык (СШ № 14 г. Наваполацка) у апавяданні «Он очень хотел учиться…».

Усе пераможцы мелі магчымасць прачытаць свае творы у актавай зале Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культураў на ўрачыстым падвядзенні вынікаў конкурсу. А 33-м пераможцам Галіна Загурская, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, і аўтар гэтых радкоў уручылі Дыпломы I, II, III ступеняў і сувеніры.

Шчырымі апладысментамі сустракала публіка кожнае выступленне юных талентаў. Гучалі таксама музычныя нумары ў выкананні дарослых і дзіцячых калектываў, а паэты з «Наддзвіння» Г. Загурская, Уладзімір Куц, Віталь Шалаеў, Пётр Буганаў, Людміла Фёдарава правялі своеасаблівы «майстар-клас», прачытаўшы свае вершы.

 Валянціна СОПІКАВА, кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне»

(Цалкам артыкул чытайце ў № 27 “Краязнаўчай газеты”)

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам