УратуймаДа ўвагі! Полацк!

Да ўвагі! Полацк!

-

- Рэклама -spot_img

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі, што ВКЛ сталася значнай палітычнай сілай, калі ў яго склад увайшлі ўсходнія землі сучаснай Беларусі і найперш моцны эканамічны і культурны цэнтр – Полацкае княства з яго землямі. Акрамя таго, калі адмовіцца ад дзяржаўнасці Полацкага часу, адразу ўзнікае пытанне: а чыя гэта зямля і гісторыя – Кіева? або Масквы? Таксама ўзнікаюць падставы для таго, каб гэтую зямлю нехта захацеў яшчэ раз «вызваліць», як у XVI – XVII стст. Ды, на мой розум, толькі недалёкі чалавек можа адмовіцца ад 200-гадовай барацьбы за самавызначэнне свайго народа і сваёй краіны. Нельга не заўважыць, што гэтым сёння карыстаюцца знешнія палітычныя сілы, стымулюючы цэнтрабежныя тэндэнцыі падзелу Беларусі на ўсходнюю і заходнюю часткі.

Беларусь немагчыма падзяліць або адарваць як ад захаду, так і ад усходу. Нашыя дзяржава і народ – у значнай меры сплаў гэтых культураў са сваёй адметнасцю. Прытым, з усімі суседзямі ў нас былі часы як пазітыўных, так і негатыўных стасункаў.

Акрамя таго, неабходна звярнуць увагу і на атрыманы ад папярэднікаў стэрэатып гістарычных поглядаў, калі Полацк абмяжоўваюць часам Усяслава Чарадзея ды Ефрасінні Полацкай, забываючы аб тым, што ўдзельнік узяцця горада ў 1579 г., сакратар караля Стэфана Баторыя Рэйнгольд Гейдэнштэйн пісаў: «…да гэтага моманту (Лівонскай вайны. – Аўт.) … горад багаццем сваім перавышаў і саму Літоўскую сталіцу Вільню». І: «…знойдзеная ў ім бібліятэка мела, у вачах навукоўцаў, амаль тую ж цану, як і астатняя здабыча…». Нават, што відавочна, пры катастрафічных стратах XVI – XVII стст. Полацк хутка адраджаўся з попелу і заставаўся моцным культурна-палітычным і эканамічным цэнтрам амаль да сярэдзіны XIX ст. Толькі пасля паўстання 1831 г. у ім пачалося планамернае знішчэнне гістарычнай спадчыны часоў ВКЛ ды Рэчы Паспалітай. Ні адзін старажытны горад Беларусі не меў 11 каменных цэркваў XI – XIII стст. (у тым ліку Сафійскі сабор) ды 16 манастыроў XI – XVIII стст., з якіх 9 былі не праваслаўнымі і прадстаўлялі амаль усе рэлігійныя плыні. Каталікі-бернардзінцы з’явіліся ў Полацку ў 1498 г. (раней толькі ў Вільні – 1469 г., ды ў Коўне – 1471 г.). У Беларусі мы не знойдзем ніводнага горада, які зможа супернічаць з Полацкам па колькасці вядомых прадстаўнікоў культуры XII – XVIII стст., хіба што Вільня ў часы Рэчы Паспалітай.

Полацк – гэта гістарычна-культурная пярліна Беларусі, першы на нашай зямлі дзяржаўна-палітычны цэнтр XI ст., што захаваў у сваёй гісторыі веліч і складанасць палітычных і канфесійных працэсаў станаўлення нашага народа і дзяржавы. Таму гісторыя Полацка з’яўляецца адным з стаўпоў умацавання гістарычнай памяці, адзінства нашага народа.

Сённяшні стан горада аб’ектыўна можа засведчыць толькі той, хто яго наведвае як турыстычны цэнтр. На жаль, ад такіх людзей даводзіцца чуць, што «фасады пафарбаваныя, а паглядзець няма чаго». Нават паводле меркаванняў палачанаў, якія працуюць у галіне культуры, – стан і гістарычны змест горада не адпавядае яго велічы і ролі ў нашай гісторыі. Мясцовыя чыноўнікі лічаць інакш, спасылаючыся на адсутнасць інфраструктуры. Аднак першапрычына, як сведчаць апытанні, не ў гэтым. Хто з іх мае рацыю – мяркуйце самі.

Горад трымаецца на патэнцыяле, створаным у 1970 – 1980 гг. перш за ўсё кіраўніком гісторыка-культурнага запаведніка Таццянай Давыдаўнай Рудавай, пашыраным у 2000-я гг. пры старшыні гарвыканкама Уладзіміры Сцяпанавічы Тачыле і кіраўніку гісторыка-культурнага запаведніка Мікалаі Мікалаевічы Ільніцкім. Што датычыцца паўнаты гістарычнага зместу, то аб гэтым перш за ўсё сведчыць экспазіцыя полацкага краязнаўчага музея, створаная ў 1980-я гг. у адпаведнасці з канцэпцыяй, якая пачынае гісторыю Беларусі з 1918 г. Экспазіцыя пададзеная акуратна, аднак вельмі бедная па змесце. У музеі злёгку адлюстраваны пачатковы перыяд гісторыі Полацка, затым – «дзірка» ў 500 гадоў, а за «дзіркай» – працяг, пачынаючы з 1812 г. І гэта пры тым, што ў запасніках запаведніка (паводле яго дадзеных у інтэрнэце) знаходзіцца больш за 80 тыс. артэфактаў. Выставачная плошча музея займае каля 120 м2, а па меркаванні спецыялістаў музей патрабуе 1500 – 2000 м2 для пашырэння экспазіцыі за кошт запаснікаў.

На цэнтральнай плошчы горад манументальна «адлюстроўвае» сваю гісторыю помнікам вайне 1812 г., дапаўняючы помнікам вызваліцелям горада пад час Вялікай Айчыннай вайны. А Полацк цікавы якраз пачатковым перыядам свайго развіцця. Захаваная гістарычная плошча горада ператвораная ў міні-парк, што засланяе старую архітэктуру і названыя помнікі з трох бакоў. На Верхнім замку акрамя Сафійскага сабора глядзець няма чаго – пустэча ды разруха. На вуліцы Ніжне-Пакроўскай перад уваходам на Верхні замак – агароды ды зараснікі, а яшчэ медвыцвярэзнік. Нават на падыходзе да Спаскага манастыра ўсё закрыта дабротна пафарбаванай агароджай з бетону. Цэнтральную частку горада крыху ратуе адноўленая пры падтрымцы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь захаваная частка езуіцкай акадэміі, дзе размясціўся полацкі ўніверсітэт ды карцінная галерэя. Нідзе ў цэнтральнай гістарычнай частцы горада не відаць і намёку на існаванне ў мінулым унікальных помнікаў архітэктуры.

Праблема слабага наведвання і нізкай ацэнкі турыстамі Полацка відавочная – гэта адсутнасць напаўнення экспазіцыі горада гістарычным зместам.

У чым жа справа? На наш погляд, перш за ўсё такое становішча абумоўленае адсутнасцю да сённяшнягя дня цэласнага бачання гістарычнай экспазіцыі горада – канцэпцыі рэгенерацыі цэнтральнай гістарычнай часткі Полацка і падпарадкаванне гэтаму бачанню лакальных аб’ектаў. У выніку праекты помнікаў, што рэалізуюцца, і культурных праграмаў не звязваюцца ў адзінае цэлае, не дапаўняюць адно аднаго экспазіцыйна.

У сярэдзіне 1990-х – пачатку 2000-х гг., каб праявіцца, было дастаткова проста ўсталяваць помнік, і асабліва не турбавацца аб тым, што ўсё павінна адпавядаць месцу і часу. Найбольш відавочны прыклад – яўна няўдалае размяшчэнне помніка Усяславу Чарадзею. Свежы прыклад: фантан, які летась змяніў дамінанту плошчы Ф. Скарыны. Апошні абуральны выпадак – рашэнне мясцовай улады і фінансаванне дзяржавай размяшчэння на Верхнім замку каля Сафіі кадэцкай вучэльні з поўнай інфраструктурай (інтэрнат, харчаблок, пляц, спартыўны гарадок). Вучэльня захоплівае больш за палову плошчы Верхняга замка, цалкам блакуе гісторыка-культурнае ды турыстычнае развіццё гэтага сакральнага для Беларусі, яе гісторыі і культуры месца. І толькі для таго, каб вырашыць праблему неабходнасці выкарыстання будынкаў былога бальнічнага гарадка. Невыпадкова гэты факт выклікаў абуральную рэакцыю ў інтэрнэце. Гэтага можна было б пазбегнуць, каб адбылося не местачковае кулуарнае, а прафесійнае шырокае абмеркаванне праблемы Верхняга замка на агульнадзяржаўным узроўні. Выпадковыя часовыя асобы (асабліва мясцовыя), дэманструючы актыўную дзейнасць, учыняюць ЗЛАЧЫНСТВА супраць продкаў і нашчадкаў, Полацка і Беларусі. Дзіўна, што гэты праект узгаднілі на дзяржаўным узроўні, і перш за усё Міністэрства культуры.

Нядаўна, напэўна, у Адміністрацыі Прэзідэнта звярнулі ўвагу на поўную адсутнасць ініцыятывы раённай улады. Сапраўды, горадам яна сур’ёзна не займалася, таму і была выцягнутая з дальняй шуфляды прапанова пяцігадовай даўніны бізнесмена з Санкт-Пецярбурга – пабудаваць у былым бальнічным гарадку на Верхнім замку кадэцкую вучэльню. Дарэчы, «інвестар», падаўшы ідэю, сам больш не з’яўляўся. Гэтая прапанова сталася выгаднай для ўсіх зацікаўленых асобаў, таму што дазваляе:

  • райвыканкаму прадэманстраваць актыўную дзейнасць у гістарычнай частцы горада ды зняць з балансу будынкі, на якія звярнулі ўвагу зверху;
  • Міністэрству культуры не пярэчыць ініцыятывам нізоў, чарговы раз застацца ўбаку ды ў будучым, як заўсёды, усё спісаць на мясцовыя ўлады;
  • гісторыка-культурнаму запаведніку пазбавіцца галаўнога болю і нагрузкі, звязанай з рэгенерацыяй Верхняга замка (гэта пры недахопе выставачнай плошчы для пашырэння гістарычнай экспазіцыі ды сховішча артэфактаў);
  • Міністэрству адукацыі, пры добрых намерах развіцця сеткі ўстановаў адукацыі, абсалютна не цікавіцца пытаннямі культурна-асветніцкіх, турыстычных і эканамічных перспектываў развіцця горада.

Усе «зацікаўленыя асобы» раней спасылаліся на адсутнасць крыніцаў фінансавання, а калі з’явілася магчымасць атрымаць грошы ад дзяржавы, засталіся без ясных перспектываў іх укладання, тут жа забылі пра патрэбы горада, культуры, турыстаў.

У гэтым пытанні прысутнічае і яшчэ адзін момант. Ён складаецца з таго, што знізіўся адміністрацыйны статус як гісторыка-культурнага запаведніка, так і горада. Пры тым была парушаная сістэма процівагаў.

Міністэрства культуры знізіла статус запаведніка, падпарадкаваўшы яго вобласці, і вынайшла вельмі хітрую назву «запаведніка рэспубліканскага значэння абласнога падпарадкавання». З гэтага моманту ведамства па сутнасці зняло з сябе адказнасць за культурнае развіццё запаведніка і горада, аддаўшы іх на водкуп вобласці і мясцовай уладзе з больш нізкім культурным патэнцыялам. Гэта яскрава праявілася ўжо ў другой «Комплекснай праграме развіцця г. Полацка на 2008 – 2012 гады», зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17.12.2007 г. № 647 (пазней тэрмін яе рэалізацыі прадоўжылі да 2015 г.). У ёй ужо не было ні аднаго мерапрыемства па лініі Міністэрства культуры і зусім адсутнічала гістарычная адметнасць горада.

У 2013 г. вярхі панізілі і статус самаго горада Полацка да раённага ўзроўню. Старшынёй райвыканкама прызначылі дзеючага кіраўніка Полацкага раёна, які не меў досведу кіраўніцтва буйным гістарычным цэнтрам, асабліва ў сферы культуры. «Новы» кіраўнік прызначыў намеснікаў, ні адзін з якіх не быў палачанінам (на маёй памяці такога раней не было), зволіў усіх гарадскіх спецыялістаў, пакінуўшы старую раённую адміністрацыю. У выніку якасць працы выканкама, асабліва ў сферы культуры, рэзка знізілася.

Перападпарадкаванне запаведніка стварыла сітуцыю, калі адміністрацыйны і культурны складнікі апынуліся пад адным кіраўніцтвам – вобласцю. Вобласць, безумоўна, аддае перавагу адміністрацыі раёна, а запаведнік адышоў на другі план, і ён натуральна знізіў сваю актыўнасць, асабліва калі яна супярэчыла думкам раённай і абласной адміністрацыяў.

У выніку становіцца відавочным: наспеў час навучыцца ставіцца да сваёй гістарычнай памяці сур’ёзна, яе неабходна паважаць, не знішчаць, а выкарыстоўваць у ідэалагічных і эканамічных мэтах. Не паўтараць памылкі мінулых гадоў!

Несумненна, трэба адмовіцца ад размяшчэння на Верхнім замку кадэцкай вучэльні як ад правакацыйнай ідэі. Улада не павінна правакаваць грамадства!

Уладзімір ЦЯЛЕЖНІКАЎ

Фота аўтара

Ад галоўнага рэдактара «КГ». Уладзімір Цялежнікаў не гісторык, не архітэктар, не музеолаг па адукацыі. Але ён ім стаў па патрабаванні сваёй беларускай душы, якая не можа пагадзіцца з тым, што і па сёння адбываецца ў сталіцы беларускай дзяржаўнасці – горадзе Полацку.

Менавіта на ўсе тыя памылкі, зробленыя мясцовымі гарадскімі ўладамі, Міністэрствам культуры, звярталася ўвага некалькі гадоў таму пад час канферэнцыі, прысвечанай старажытнаму Полацку, што ладзілася з ініцыятывы Беларускага фонду культуры і Беларускага камітэта ІКАМОС у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Па выніках канферэнцыі ініцыятары сустрэліся з намеснікам старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Н. Качанавай.

Аднак занепакоенасць грамадскасці не дала плёну. Аднекуль з’явілася ідэя размяшчэння кадэцкай вучэльні і яе інфраструктуры ў самым сэрцы Полацка – на тэрыторыі Верхняга замка, непасрэдна каля Сафійскага сабора. Што гэта – недарэчнасць? памылка? Не і не!

Інакш, як гістарычным цемрашальствам, нельга назваць размяшчэнне кадэцкай вучэльні побач з аб’ектам старажытнай сакральнай архітэктуры, у непасрэднай блізкасці да яго!


Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага: 1. Шукаем на...

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы мінулага года...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым чытачам, што...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі, што ВКЛ...
- Рэклама -spot_imgspot_img

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага раёна 1...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання для пажылых...

Варта прачытаць

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара?...

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці...
- Рэклама -spot_imgspot_img

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам