Уратуйма Гісторыя аднаго дома

Гісторыя аднаго дома

-

- Рэклама -

Гэтая гісторыя пачалася ў 1936 годзе, калі ў Давыд-Гарадку, што на рацэ Гарыні, здарыўся вялікі пажар. Мой дзед, якому тады было 16, казаў, што палова горада тады згарэла. Згарэў і дом, у якім жыла дзедава сям’я. Але баць­ка, мой прадзед, Сямён Кулага, не адчаяўся, разам са старэйшымі сынамі пабу­да­ваў новы двухпавярховы дом, на першым паверсе – крама. Вялікая сям’я, 9 дзяцей. Жылі, працавалі. А ў 1939 годзе прыйшла савецкая ўлада, амаль адразу будынак нацыяналізавалі. Навошта ж простаму каўбасніку такі вялікі дом…

Потым і самога прадзеда арыштавалі, дзе і калі ён памёр – мы не ведаем.

Амаль 80 гадоў дзяржава выкарыстоўвала будынак, не зрабіўшы ў ім нават ні разу капітальнага рамонту. З пасляваеннага часу і да мінулага года тут была мяс­цовая гасцініца. Але гораду той будынак стаў не патрэбны, і яго вырашылі знесці.

Я, праўнучка С. Кулагі, была супраць такога канца гісторыі дома, пра які ўсё маё дзяцінства чула ад дзеда гісторыі, цікавыя гісторыі з жыцця вялікай працавітай сям’і. Гэты адабраны дом быў заўсёды ў думках і размовах майго дзеда і ягоных братоў і сёстраў, нікога з якіх ужо няма на гэтым свеце. А дом ёсць, і я хацела, каб ён быў і надалей.

Я прапанавала Столінскай раённай адміністрацыі выкупіць гэты будынак. Зрабіць там за свае грошы рамонт. Каб было прыгожа. Спачатку былі пагадзіліся, а потым – не, кажуць, не прадамо. Знясем, бо будынак занадта стары.

Я напісала ліст у Брэсцкі абласны выканкам. Пра гэтую сітуацыю напісалі таксама і некаторыя вядомыя СМІ. Прыйшоў адказ: ну добра, не будзем зносіць, зладзім аўкцыён. Можаце купіць ваш дом, калі трэба.

Было гэта ў жніўні. Але ішоў месяц, другі. Ніякіх паведамленняў пра аўкцыён.

Мы са сваякамі напісалі ліст у Дзяржаўны камітэт па маёмасці з просьбай пра­даць нам дом без аўкцыёна, бо гэта ж мы ўратавалі, як нам здавалася тады, будынак ад зносу. У адказе значылася, што прадаць нам дом без аўкцыёна могуць, гэта закону не супярэчыць, але рашэнне павінна прыняць мясцовая адміністрацыя.

Тым часам я даслала ў Брэсцкую абласную адміністрацыю меркаванне доктара архітэктуры, прафесара С. Сергачова пра цікаваць і нават унікальнасць гэтага будынка.

Але ў адказе, што я атрымала ў лістападзе ўжо, значылася: Давыд-Гарадок у 2017 годзе стане месцам правядзення абласнога свята ўраджаю «Дажынкі», таму дом ваш вырашана знесці, а на яго месцы пабудаваць… аўтастаянку. Аўтастаянку на месцы ўнікальнага драўлянага дома, які хочуць за прыватныя грошы выкупіць і давесці да ладу нашчадкі былога ўладальніка. У горадзе, дзе ўсяго сем тысячаў жыхароў. Дзе пустых месцаў для аўтастаянкі нават у радыусе 100 метраў ад гэтага дома ажно тры.

«Магчымы варыянт продажу вам дома з абавязковым пераносам яго ў іншае месца». Але як, і, галоўнае, навошта пераносіць двухпавярховы дом, які прастаяў тут 80 гадоў і без рамонту за гэты час не разваліўся, нават не знаходзіцца, як сведчыць экспертыза, у аварыйным стане. Дом, які перажыў Польшчу, прыход Саветаў, нямецкую акупацыю, зноў Саветы, дастаяў да незалежнасці Беларусі. І цяпер дзеля аднаго дня «Дажынак» яго знесці?

Насупраць дома – помнік і брацкая магіла, дзе пахаваныя больш за паўсотні абаронцаў Давыд-Гарадка, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне. Няўжо нельга пабудаваць паркоўку ў іншым месцы?

Мы сабралі больш за 400 подпісаў мясцовых і не толькі жыхароў, за тое, каб будынак былой гасцініцы захавалі на ягоным месцы. Мы паведамілі абласной адміністрацыі аб намеры зрабіць у адрамантаваным будынку Музей міжваеннай гісторыі Палесся, канцэпцыю якога цяпер распрацоўваем разам з мінскімі вучо­ны­мі, а экспазіцыю якога мяркуем стварыць з дапамогай жыхароў Давыд-Гарадка.

Мы прапануем гораду атрымаць да «Дажынак» не новую паркоўку, а новы культурны аб’ект, размешчаны ў гістарычным і цікавым з архітэктурнага погляду будынку. Задарма! Бюджэту гэта не будзе каштаваць нічога.

Але ў адказ нам пішуць, што музей у Давыд-Гарадку ўжо ёсць, і, маўляў, хопіць.

Ці не таму гэта, што пад знос будынка, як і некалькіх іншых будынкаў, прызначаных для зносу пад час падрыхтоўкі да «Дажынак», вельмі проста спісаць вялікія грошы? Чаму ў Давыд-Гарадку нічога не плануюць пабудаваць, акрамя парковак, а толькі руйнуюць? Ці няма тут карупцыйнага складніка?

І, галоўнае, ці можна яшчэ нешта з гэтым зрабіць? Неяк паўплываць на рашэнне ўладаў?

Каб гісторыя аднаго, але такога важнага не толькі для мяне дома, працягвалася.

 Надзея ТУРОЎСКАЯ

 

Калі вярстаўся нумар газеты з артыкулам, атрымалі чарговы ліст спн. Н. Туроўскай:

 «Нягледзячы на шматлiкiя звароты i ўвагу журналiстаў – а можа, якраз з прычыны апошняй, бо ў сераду 22.03 Столiнскi райвыканкам наведала карэспандэнт газеты “Советская Белоруссия” – у чацвер 23.03 а 8 гадзiне ранiцы дом пачалi разбiраць. Я тэлефанавала ў Столiн, у Брэст, у Камiтэт дзяржкантролю, бо адказ на мой апошні зварот у аблвыканкам яшчэ не прыйшоў. Але марна. Да вечара дом цалкам знеслi».

Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам