Уратуйма Аб знішчэнні старых могілак у адной старой вёсцы

Аб знішчэнні старых могілак у адной старой вёсцы

-

- Рэклама -

Летась 13 ліпеня праз прыгарадныя населеныя пункты Апчак і Замасточча праляцеў моцны ўраган, што ламаў дрэвы і слупы, зрываў дахі і агароджы. На старых апчацкіх могілках, што аддзеленыя ад новых аўтастрадай Брэст – Масква, ветрам таксама паламала вершаліны дрэваў…

Гэтымі абставінамі пакарысталіся мясцовыя ўлады і пад прыкрыццём прыборкі тэрыторыі знеслі старажытныя могілкі разам з рэшткамі фундамента мясцовай царквы, апісанай яшчэ ў 1680 г., і склепам з пахаваннямі святароў. Магутнай тэхнікай павыдзіралі рэшткі дрэваў з каранямі, а каменныя помнікі звалілі ў кучу разам з друзам. Пад час урагану цудам ацалела старая ліпа, якая расла каля царквы можа 150, а можа і 200 гадоў. Але і яе рабочыя не пашкадавалі, спілавалі, а знутры выпалілі, бо вырваць карані старога дрэва не змаглі.

Apchak3У верасні мы наведалі Апчак разам з гісторыкам, супрацоўнікам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Вадзімам Урублеўскім і краязнаўцам Эдуардам Канановічам, каб абследаваць знойдзены ў адным жылым двары каменны помнік былога благачыннага валожынскага Аўгусціна Віторскага. Пасля наведалі мемарыял часоў Вялікай Айчыннай вайны, дзе пахавана каля 1400 воінаў, загінулых у час «Мінскага катла». А затым пайшлі азнаёміцца са старымі могілкамі, але аказалася, што іх ужо няма, знеслі дарэшты. Тэрыторыя былых могілак была абнесеная новай бетоннай агароджай. Пэўна, паціху тут планавалі ўзвесці нейкі будаўнічы аб’ект. Бо на гэта месца даўно паклала вока адна дарожная арганізацыя. Але ранейшыя кіраўнікі сельсавета і Дзяржаўнае прадпрыемства «Праектны інстытут Белдзіпразем» такога дазволу яшчэ гадоў пяць таму ім не далі. Зразумела, што знос могілак выклікаў рэзкую негатыўную ацэнку мясцовых жыхароў, асабліва некалькіх старэнькіх бабулек, якім сельскі Савет здаўмеўся за­везці дровы з могілак, што выклікала яшчэ большы пратэст. Старыя жыхары Апчака ад 60 да 90 гадоў не сталі цярпець і напісалі калектыўнае пісьмо аб гэтым факце ў Міністэрства культуры і аб тым, што знос адбыўся без усялякага абмеркавання з імі, прасілі прыслаць спецыялістаў, каб тыя ацанілі гістарычную каштоўнасць знесеных могілак. Да гэтага пісьма я далучыла свае меркаванні па гэтым пытанні. З міністэрства быў дадзены чакаемы чыноўніцкі адказ, што могілкі ніякай культурна-гістарычнай каштоўнасцю не з’яўляліся, бо не былі ўнесеныя ў афіцыйны пералік. А месяцам пазней на маё імя прыйшоў даволі падрабязны адказ з боку Мінскага райвыканкама. Хаця напісана было многа, але канкрэтыкі па факце зносу – кім было прынятае рашэнне, для чаго адбыўся гэты знос – не было сказана.

Apchak2Пакуль дазваляла надвор’е, яшчэ разы тры прыязджала на могілкі і адчысціла некалькі верхніх камянёў, каб прачытаць тэксты. Адразу гэта не ўдалося зрабіць, давялося фатаграфаваць у розных ракурсах і пасля павялічваць на камп’ютары. Вядома, змагла справіцца толькі з камянямі, якія важылі не больш за 50 – 100 кг. Даволі лёгка прачытала тэксты на дзясятку помнікаў, якія належалі колішнім апчацкім жыхарам і насельнікам навакольных вёсак. Прозвішчы мясцовых жыхароў за апошнія 100 – 300 гадоў мне добра знаёмыя па архіўных даследаваннях.

Адзін помнік прыцягнуў увагу, бо быў выкананы прафесійна, з блакітнага гнейсу, і адрозніваўся ад простых сялянскіх помнікаў сваімі памерамі і тэкстам на польскай мове. Гэта было пахаванне двараніна Сымона Бірулі і яго жонкі Ганны. Біяграфію С. Бірулі я добра ведала – праводзіла даследаванні. І калі-небудзь напішу аб родзе Біруляў з нашай мясцовасці больш падрабязна. Дадам толькі, што Сымон нарадзіўся на Койданаўшчыне ў канцы XVIII ст., жыў з братам Барталамеем у 1816 г. у Лагоўскай Слабадзе (цяпер в. Лугавая Слабада) як арандатар, а ў 1832 г. набыў ладны кавалак зямлі ў Заямачным ад Прушынскіх. Памёр у 1844 г. і пахаваны на каталіцкай палове апчацкіх могілак. Рэч у тым, што да канца ХІХ ст. на тых жа могілках побач з праваслаўнай (былой уніяцкай) царквой стаяла каталіцкая капліца. У канцы ХІХ ст. яна была перанесеная да Каралішчавіцкага касцёла. Казалі таксама, што на апчацкіх могілках была пахаваная нейкая пані ў шкляной труне; але пасля знішчэння могілак гэтая легенда назаўсёды застанецца толькі легендай. А вось пахаванне былых святароў было побач з царквой: арачны склеп з чырвонай цэглы. Цяпер ад яго засталіся толькі некалькі цаглінак.

Паводле ўспамінаў мясцовых старажылак, у гады вайны на могілках былі пахаваныя забітыя яўрэі. Мужчына Невух быў паранены, яго хавала ў хаце бяздзетная Палагейка Хадан. На жаль, выратаваць Невуха ёй не ўдалося, сканаў ад ранаў. Закруцілі яго цела ў коўдру і пахавалі на самым ускрайку могілак бліз дарогі. Другі яўрэйскі мужчына прыжаніўся да апчацкай жанчыны Анюты Блецька, але немцы даведаліся, што той яўрэй, і забілі. Імя ягонага бабулькі не ўспомнілі, бо ў Апчаку звалі яго проста «Жыдок». Апошнім хавалі на старых могілках у вайну апчакоўца Міколу Маланіна. Засталіся звесткі, што быў ён вельмі набожны. Калі пазакрывалі мясцовыя цэрквы, то хадзіў на службы пешшу ў Мінск.

У паваенны час апчакоўцы даглядалі могілкі, абкошвалі іх, смецця тут ніхто не кідаў, пакуль з 1980-х гг. у Апчаку не пачалі сяліцца прыезджыя. Яны зрабілі праз могілкі самавольную дарогу і кідалі тут свае будматэрыялы ды смецце. Пакуль жа ў Апчаку быў да 1959 г. цэнтр калгаса, то на паляне сярод могілак штогод ладзілі дажынкі. А ўвесну школьнікі і моладзь гулялі ў духмяных кустах бэзу, як у парку. Захаваліся тагачасныя здымкі могілак, што пацвярджаюць гэтыя факты.

(Цалкам чытайце артыкул у №№ 29-30 «Краязнаўчай газеты»)

Раіса АЎЧЫННІКАВА, в. Лугавая Слабада, Мінскі раён

Папярэднi артыкулПамятаем і шануем
Наступны артыкулСвята на Чэрвеньскім рынку
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам