Уратуйма Вандроўнымі шляхамі

Вандроўнымі шляхамі

-

- Рэклама -

Мёршчына – край блакітных азёраў і графскіх сядзібаў

Уладзімір Цвірко і я – шчаслівыя людзі: мы і кахаем сваіх жонак, і дзяцей ды ўнукаў любім, любім сваю журналісцкую працу і шмат падарожнічаць. Вось і нядаўна мы выправіліся ў вандроўку. Гэтым разам – на паўночны захад краіны.

Адзін з цікавых рэгіёнаў Віцебшчыны – Мёршчына. У гэтым азёрным раёне налічваецца 16 рэк і 39 ручаёў, а таксама аж 83 возеры. Славіцца раён і ландшафтным заказнікам «Ельня», які ў 2002 годзе атрымаў статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння. Багаты раён і на помнікі архітэктуры, некаторыя з якіх мы наведалі пасля вандроўкі па Верхнядзвіншчыне.

Невялікая вёска Лявонпаль (калісьці даволі вялікае мястэчка), знаходзіцца на маляўнічым левым беразе Дзвіны. Больш за 1000 гадоў таму тут пася­лі­лі­ся людзі, аб чым сведчаць старажытныя пахавальныя курганы, што зна­ходзяцца ў наваколлі вёскі. Яны з’яўляюцца сведкамі тых далёкіх часоў, калі па Дзвіне праплывалі вікінгі. Вёска лічыцца адным з найстарэйшых пасе­ліш­чаў на тэрыторыі Беларусі. 12 ліпеня 2000 года (у дзень мясцовага царкоўнага фэс­ту ў гонар апосталаў Пятра і Паўла) у Лявонпалі быў усталяваны памятны знак – крыж, які па сваёй форме на­гад­вае крыж Ефрасінні Полацкай, і асвечаны святарамі мясцовых праваслаўнага і каталіцкага прыходаў пасля сумеснага хрэснага ходу дзвюх канфесіяў.

Першая дакументальная згадка пра паселішча адносіцца да 1506 года: тады вёска насіла назву Чурылавічы. У сярэдзіне XVIII стагоддзя яе ўладаром стаў берасцейскі ваявода граф Мікалай Лапацінскі, які ў гонар свайго бацькі Лявона, героя руска-турэцкай вайны, перайменаваў вёску ў Лявонпаль.

   Мы наведалі графскую сядзібу Лапацінскіх, якія актыўна ўдзельнічалі ў паўстаннях супраць царскай Расіі. Пасля Вялікай Айчыннай вайны сядзіба была перададзеная мясцоваму калгасу (у графскай афіцыні (флігелі) нейкі час нават трымалі калгасных свіней і кароў), а ў сядзібным палацы спачатку размяшчаўся сельскагаспадарчы тэхнікум, затым спецшкола і прафілакторый Мінскага інстытута культуры. З канца мінулага стагоддзя сядзіба належыць ААТ «Интеграл». З ягонага дазволу да сёлетняй вясны тут праводзілі службы мясцовыя каталікі, пераабсталяваўшы частку палаца пад патрэбы касцёла. Цяпер сядзіба мае пакінуты выгляд. Сядзібны парк таксама здзічэў.

Пабылі мы таксама і каля мемарыяльнай калоны, якую Ян Лапацінскі ў 1791 годзе збудаваў у гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 мая 1791 года. Гэта ўнікальны на нашых землях аб’ект. Вёску ўпрыгожвае драўляны будынак Траец­кай царквы, якую Лапацінскія пабудавалі ў 1774 годзе як уніяцкі храм. У маёнтку Лапацінскіх была ткацкая і суконная вытворчасць, а ў пала­цы – багатая бібліятэка, а таксама збор твораў жывапісцаў розных краінаў Еўропы.

Непадалёк Лявонпаля, у вёсцы Бабышкі (не захавалася), нарадзіўся паэт, празаік, грамадскі дзеяч Сяргей Панізьнік. Па яго ініцыятыве і на аснове ягоных збораў у Лявонпалі ў 1999 годзе быў створаны Музей Радзімазнаўства (у памяшканні мясцовага клуба) і яго філіял «Хата бабкі Ядвінні» (у сядзібе пачатку ХХ стагоддзя Ядвінні і Андрыяна Кіслякоў).

Наведалі мы таксама вёску Узмёны, дзе знаходзіцца царква Святога Мікалая (1882 год). Цяжкае ўражанне на нас зрабіла невялікая драўляная, з нахіленым крыжам, царква Іаана Багаслова (1833 год), што месціцца на водшыбе вёскі Галаскокі. Яе ўжо даўно не наведваюць людзі, і каб дайсці да яе, нам давялося літаральна прадзірацца скрозь кустоўе і высокую траву. Відаць, некалі яна была на ўскраіне вёскі, а як паселішча зменшылася, то і ў царкву перасталі хадзіць. Гэтая пакінутая царква мне чымсьці нагадала пажылых людзей, шмат якіх па Беларусі засталіся жыць у пакінутых вёсках, куды не даязджае і аўталаўка. І мне стала сумна.

Пасля вандроўкі па дарогах суседняй Верхнядзвіншчыны і наведвання Лявонпаля позна ўвечары, стомленыя, мы прыехалі ў невялікі гарадок Дзісну, дзе пасяліліся ў невялічкай утульнай, на 8 нумараў, гасцініцы. Дзісна – самы маленькі горад Беларусі, які пры насельніцтве блізу 2-х тысячаў чалавек мае статус горада. Размяшчаецца ён у маляўнічым месцы ўпадзення ракі Дзісны ў Дзвіну. Горад вядомы аж з XI стагоддзя як крэпасць Полацкага княства пад назвай Капец-гарадок. Першая пісьмовая згадка пра Дзісну датуецца 1374 годам. У 1569 годзе кароль Жыгімонт Аўгуст надаў гораду магдэбургскае права і герб. У 1773 годзе завяршылася будаўніцтва мураванага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, які пасля Вялікай Айчыннай вайны стаяў амаль цалкам разбураны, а цягам апошніх гадоў рэстаўруецца і стаіць у рыштаваннях. У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Дзісна апынулася ў складзе Расійскай імперыі, а ў час паўстання 1831 года паўстанцы колькасцю 3000 чалавек на нейкі час вызвалілі горад з-пад расійскай улады. У 1864 годзе тут была пабудаваная царква Уваскрэсення Хрыстовага. У горадзе шмат пабудоваў XIX – пачатку XX стагоддзяў. У канцы XIX стагоддзя горад наведаў вядомы расійскі падарожнік П. Сямёнаў-Цян-Шанскі, які назваў Дзісну найлепшым горадам Віленскай губерні. І сёння ўражвае чысціня і прыгажосць гэтага невялікага горада-музея.

У прыгарадзе Дзісны, у Дарожкавічах, знаходзіцца сядзібны будынак графаў Кастравіцкіх, які мясцовы святар Генадзь Каранеўскі аднавіў і стварыў аграсядзібу «У Кастравіцкіх», дзе гасцінна прымае турыстаў. Тут карані роду вядомага французскага паэта Гіёма Апалінэра.

А гісторыя гэтай графскай сядзібы такая. У канцы XVIII стагоддзя яе гаспадаром быў падваявода полацкі Міхал Кастравіцкі, потым яго сын Адам. У Адама былі тры сыны, і ўсе яны прынялі ўдзел у паўстанні 1863 года пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага, за што расійскія ўлады канфіскавалі сядзібу. Адзін з Кастравіцкіх, Міхал Апалінарый, уцёк у Рым, дзе ў 1880 годзе яго дачка Ангеліна нарадзіла хлопчыка Вільгельма Альберта Уладзіміра Аляксандра Апалінарыя Вонж-Кастравіцкага, які стаў вядомым паэтам-  сюррэалістам і ўзяў сабе псеўданім Гіём Апалінэр. Дарэчы, у вёсцы Вялікія Навасёлкі, што ў Дзяржынскім раёне, пахаваны стрыечны брат Гіёма – празаік, паэт, мастак, драматург Карусь Каганец. Ягоны бацька Карл Кастравіцкі за ўдзел у паўстанні 1863 года быў сасланы ў Сібір, дзе і нарадзіўся брат Гіёма Казімір Кастравіцкі, які ўзяў псеўданім Карусь Каганец. Мне давялося пабываць на магіле Каруся Каганца і наведаць мясціны Дзяржыншчыны, звязаныя з яго жыццём.

У Дзісне нарадзіліся таксама гісторык, доктар філасофіі Маісей Смірын, доктар тэхнічных навук, прафесар Якаў Іцхокі. З горадам звязанае імя беларускага педагога, збіральніка беларускага фальклору Антона Грыневіча, які загінуў у сталінскім лагеры ў 1933 годзе.

Прыцягваюць увагу ў Дзісне велічныя руіны бальніцы манастыра (XIX ста­год­дзе), будынак гатэля «Рыга», каталіцкая царква на могілках і іншыя помнікі старажытнасці.

Наведалі мы і іншыя, не менш цікавыя, паселішчы Мёршчыны.

Лявон ЦЕЛЕШ, г. Дзяржынск

Фота аўтара

Папярэднi артыкул«Купалаўка» ў Ляхавічах
Наступны артыкулДобрая справа
Уладзiмiр Гiлеп
Уладзiмiр Гiлепhttp://www.bfk.by
Галоўны рэдактар

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, увядзіце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя тут

Апошнія навіны

Падпішыцеся самі, падпішыце родную школу — інструкцыя, як аформіць падпіску праз інтэрнэт

Як падпісацца на «КРАЯЗНАЎЧУЮ ГАЗЕТУ» не адыходзячы ад камп'ютара? Зрабіць гэта цяпер можна на сайце «Белпошты». Для гэтага:

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў пры канцы...

Унук – пра дзеда, майстра фатаграфікі

Асабістымі ўспамінамі пра знакамітага майстра мастацкай краязнаўчай фатаграфіі Яна Булгака падзяліўся яго ўнук Богдан Булгак. (Нагадаем нашым...

Да ўвагі! Полацк!

Сёння часам можна пачуць: «Навошта нам Полацк? Нам хапае і гісторыі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтыя людзі забылі,...
- Рэклама -

Жыццё для працы, для кніг, для людзей

Хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся ён у вёсцы Параслішча Акцябрскага...

«Зносіны» з мінуўшчынай

«Малая радзіма – вялікая гісторыя» – пад такой назвай у Пескаўскай сельскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання...

Варта прачытаць

Школьнае краязнаўства

Дзеля развіцця навукова-даследчай дзейнасці як эфектыўнага чынніка...
- Рэклама -

Вам таксама можа спадабацца
Рэкамендуем вам